Беларускі гурт Pomidor/OFF 20 лістапада прысьвяціў песьню «Я выхожу» Раману Бандарэнку, а таксама ўсім арыштаваным, катаваным, забітым грамадзянам Рэспублікі Беларусь падчас падзеяў 2020 году, за апошнія 26 год і за ўвесь час існаваньня савецкай улады.
«Я выхожу», — гэта былі апошнія словы мастака Рамана Бандарэнкі ў дваровым тэлеграм-чаце ўвечары 11 лістапада 2020 году.
Зьбіты невядомымі ў менскім двары, які за апошнія 100 дзён стаў вядомым як «плошча Пераменаў», і адвезены ў Цэнтральнае РУУС Менску, Раман памёр амаль праз суткі ў шпіталі, не прыходзячы ў прытомнасьць ад цяжкіх траўмаў галавы.
Музыка — Pomidor/OFF. Словы — Аляксандар Памідораў. Відэа — Alex.
Гук — Яблык. Лога гурту — Wiecier.
Тэкст песьні:
«Я ВЫХОЖУ»
Я той самы,
Я такі самы
Зацюканы марна —
Крок улева — крок управа.
Мяне таксама
Палохаюць стрэлы,
Палохаюць выбухі, чорныя шэрагі.
Ды калі ў двор мой
Прыйшлі з аўтаматам —
Маці, прабач! — я скажу.
«Я выхожу».
Я той самы,
Я такі ж самы.
Задзяўбаны марнымі справамі.
Ды не ў галечы:
Ёсьць дзе прылегчы,
Ёсьць чым сагрэцца
На цёплай печы…
Ды ўваліліся ў хату —
Я на лаве сяджу.
Пад лавай сякера.
«Я выхожу».
Прыпеў:
Маці-Радзіма
Дачок радзіла,
Сыноў радзіла
У жвіру ды ў пылу.
Вароны ходзяць.
Дочкі ня родзяць.
Забілі сына…
Хопіць! Мы выходзім.
Я той самы.
З экрану, з муралу.
Забіты, застрэлены, закатаваны.
Чыё жыцьцё замяшалі ў гной.
Я назаўсёды буду з табой.
Я буду з табой, калі возьмеш ты чарку.
Я буду з табою ў ложку з каханкай.
Я ў промнях сонца, у кроплях дажджу.
Я буду з табой, калі скажаш –
«Я выхожу!»
Прыпеў:
Маці-Радзіма
У жвіру ды ў пылу
Дачок радзіла,
Сыноў нарадзіла.
Вароны ходзяць.
Дочкі ня родзяць.
Забілі сына…
Хопіць! Мы выходзім.