У інтэрвію MTV Sport Калерва Кумала сказаў, што перанос матчаў турніру 2021 году ў Маскву малаімаверны з прычыны сытуацыі з каранавірусам у Расеі.
Акрамя таго, ён падкрэсьліў, што Расея — практычна адзіная краіна, якая падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку, пасьля абвяшчэньня перамогі якога на выбарах пратэсты пачаліся па ўсёй краіне і працягваюцца ўжо чацьвёрты месяц.
Раней паведамлялі, што IIHF можа перанесьці гульні чэмпіянату сьвету зь Беларусі ў Маскву і што прэзыдэнт IIHF Рэнэ Фазэль адправіўся ў Расею, каб абмеркаваць пытаньне з кіраўніком Фэдэрацыі хакею Расеі Ўладзіславам Трацьцяком.
Кумала сказаў, што, паводле яго інфармацыі, Трацьцяк цяпер у Цюрыху, і Фазэль яшчэ не адбыў у Расею для сустрэчы зь ім.
«Было б абсурдна, калі б Расея ўзяла на сябе гульні ў Беларусі», — сказаў Кумала для MTV Sport.