Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жорстка пабіты пры затрыманьні архітэктар пяты дзень у шпіталі пад канвоем


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Жорстка пабіты 15 лістапада пры затрыманьні архітэктар Вадзім Дзьмітранок па-ранейшаму ў шпіталі хуткай дапамогі. У яго закрытая чэрапна-мазгавая траўма, шматлікія гематомы. Дактары падазраюць цяжкія пашкоджаньні ўнутраных органаў, прызначаны дадатковыя дасьледаваньні.

Вадзім Дзьмітранок пяты дзень праходзіць лячэньне ў аддзяленьні спалучанай траўмы шпіталю хуткай мэдычнай дапамогі. Яго ахоўвае канвой, бо цяпер ён падазраваны, заведзена крымінальная справа паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу.

Наведаць нельга, бо каранавірус, паразмаўляць праз тэлефон нельга — бо падазраецца ў крымінальнай справе.

Сувязі з Вадзімам няма, кажа ягоная жонка Вольга.

«Наведваньні забароненыя, па-першае, праз COVID — у гэтым аддзяленьні вельмі шмат пацыентаў з каранавірусам. Трапіць туды немагчыма, праз тэлефон з адказным доктарам ці загадчыкам аддзяленьня таксама пагаварыць складана, яны вельмі занятыя.

А па-другое, канвой не дазваляе яму ні з кім размаўляць. Як мне растлумачылі, такі парадак, калі крымінальная справа заведзеная. Ён ужо не затрыманы, а арыштаваны, завялі справу паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу.

У чацьвер раніцай паехала ў шпіталь, хацела дамагчыся сустрэчы з загадчыкам аддзяленьня, але трапіла ў невялікае здарэньне, няцяжкае — пашкоджана толькі люстэрка, але ўсё адно зараз вось чакаю ДАІ», — жонка Вадзіма разгубленая.

«ЗЧМТ, шматлікія гематомы, пашкоджаньні ўнутраных органаў»

Яна дагэтуль ня можа адысьці ад шоку, які перажывала ў нядзелю, 15 лістапада. Кажа, што муж сышоў з дому прыкладна а палове на першую. Увечары раздаўся званок: дзяжурная адвакатка тэлефануе з Цэнтральнага РУУС, кажа, што Вадзім затрыманы ў раёне бульвару Шаўчэнкі — вуліцы Чарвякова, яго прывезьлі ў пастарунак.

«Адвакатка сказала, што дамаглася, каб Вадзіму выклікалі „хуткую“. Зь яе слоў спачатку вынікала, што яму наагул патрэбная рэанімацыя. Я хацела адразу імчацца ў шпіталь хуткай дапамогі, але да нас прыйшлі з так званым „аглядам“. Абыходзіліся даволі карэктна, агляд быў павярхоўны. Але адвакат мне кажа, што гэта не азначае, што ня прыйдуць зь пільнейшым ператрусам», — працягвае Вольга.

У шпіталь яна трапіла. Тое, што пабачыла, было шокам.

«Дзякуй Богу, рэанімацыя яму не спатрэбілася, але стан нядобры. Вадзім быў на вазку, скручаны. Рука да сэрца прыкладзена. З носу кроў цякла, усе штаны былі ў крыві. Вельмі ўразіла галава — яна вельмі апухлая. Адчуваецца, пабілі яго моцна. Пазьней я даведалася, што ў мужа закрытая чэрапна-мазгавая траўма, гематомы на грудзях, на лапатках, на нагах.

А цяпер адвакатка кажа, што прызначылі шэраг новых дасьледаваньняў, бо падазраюць сур’ёзнае пашкоджаньне ўнутраных органаў», — кажа Вольга.

«Я перакананая, што гэта мантаж. Ніколі ня бачыла такіх рэчаў у мужа»

Яшчэ большы шок у Вольгі быў пасьля сюжэту, які паказалі па БТ. Сюжэт называўся «На мірны пратэст зь нямірным арсэналам».

Там ёсьць кадры з затрыманьня: Вадзім з акрываўленым тварам стаіць на каленях, рукі зьвязаныя. Мужчына зь цяжкасьцю вымаўляе словы. Пры затрыманьні сілавікі правяраюць заплечнік. Нібыта «ў арсэнале былі армейская і дымавая шашкі, самаробныя пэтарды, рагатка і жалезныя шарыкі, самаробны дручок, балаклава».

«Ператрус заплечніка падчас затрыманьня выглядае дзіўна: звычайна ўсіх хуценька „пакуюць“ у аўтазакі ці мікрааўтобусы, а не разьбіраюцца, што ў кожнага зь іх у заплечніку», — кажа жонка.

Ёсьць кадры допыту, дзе за сьпінай Вадзіма мужчына са зьмененым голасам задае пытаньні, яго не паказваюць, а паказваюць толькі затрыманага з цалкам заплюшчанымі вачыма.

Вольга ня верыць, што ў яе мужа маглі быць рэчы, якія паказалі.

«Ніколі ня бачыла такіх рэчаў у мужа. Ён жа не падлетак. Ён не маргінал. Ён дарослы, сур’ёзны чалавек.

Я перакананая, што гэта мантаж. Задавалі нейкія звычайныя пытаньні, кшталту: «Вам 43 гады?» — ён адказваў: «Так». І пад гэта мантуюць тое пытаньне, на якое патрэбны адказ «так», — мяркуе Вадзімава жонка.

Яна ня верыць, што муж мог так падстаўляць сям’ю. Вельмі кранальна піша, што ў Вадзіма абвостранае пачуцьцё справядлівасьці, уласнай годнасьці.

«У мяне невялікая, але вельмі шчасьлівая сям’я. Дзяўчаткі шалёна любяць тату, зрэшты, як і ён іх. Кожнае вяртаньне з працы суправаджаецца гонкай, хто першы дабяжыць да таты і мацней яго абдыме. Ім усё роўна, што тата архітэктар, які, як ён сам кажа, добра „натаптаў“ у горадзе. Куды ні паедзеш у Менску, заўсёды знойдзецца, што праектаваў тата. Дзесьці прыпынак грамадзкага транспарту, дзесьці рэканструкцыя будынку — гістарычнага помніку, дзесьці мэдычны цэнтар альбо архітэктурная прывязка помніка, сквэр... Ім важна, каб ён прыходзіў дадому!»

Цяпер Вольга перажывае яшчэ і за старэйшую дачку, якой 10 гадоў.

«Яна ўсё разумее, параілі нам пайсьці да псыхоляга. Дачка баіцца выходзіць на вуліцу гуляць, толькі дом — школа — дом. Малодшай 3 гады, ёй патлумачылі, што тата хварэе», — кажа Вольга.

Вадзім Дзьмітранок — ня толькі вядомы архітэктар. Ён быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, зьбіраў подпісы за яго вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты, пазьней увайшоў у пашыраны склад Каардынацыйнай рады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG