Раней Аляксандра Мрочака звольнілі з пасады дырэктара РНПЦ «Кардыялёгія». Ён адкрыта асуджаў гвалт з боку сілавікоў у Беларусі.
На лецішчы акадэміка Аляксандра Мрочака адбыўся пажар: згарэла альтанка, пашкоджаная частка дому, падвал, лазьня.
«Была запіска, напісаная друкаванымі літарамі, там прапанова мне пакаяцца за грахі, за пастаўку нейкіх пратэрмінаваных стымулятараў. Гэта трызьненьне поўнае. Поруч лялька з акрываўленымі вачамі і праткнутая скальпэлем. Напісана, што гэта толькі пачатак», — сказаў Свабодзе Аляксандар Мрочак.
На ўчастку — тры месцы ўзгараньня
Аляксандар Мрочак кажа, што падпальвалі ў трох месцах.
«Згарэла альтанка, а таксама падвал у доме і верхні паверх. Сярэдні — заліты вадой, працавалі пажарныя. Дах цалкам прагарэў», — кажа Аляксандар Мрочак.
Запіска напісаная нібыта ад жаночага імя. Аляксандар Мрочак кажа, што карыстацца пратэрмінаванымі стымулятарамі наогул немагчыма.
«Пратэрмінаваныя стымулятары — маецца на ўвазе, што чалавеку даставалі стымулятар і ставілі іншаму. Стымулятар дастае патолягаанатамічная служба, яго немагчыма пасьля ставіць іншаму чалавеку. Аўтар запіскі, хутчэй за ўсё, ня мае дачыненьня да мэдыцыны. Гэта глупства», — сказаў Аляксандар Мрочак.
Аляксандар Мрочак — вядомы беларускі кардыёляг, заслужаны дзеяч навукі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар мэдычных навук, прафэсар, былы дырэктар РНПЦ «Кардыялёгія».
27 жніўня Міністэрства аховы здароўя звольніла Мрочака з пасады кіраўніка РНПЦ «Кардыялёгія», нягледзячы на тое, што цэнтры зьбіралі подпісы пад калектыўнай заявай у абарону свайго дырэктара. Сам Мрочак зьвязвае рашэньне з тым, што лекары клінікі ў непрацоўны час выходзілі на пікеты.
Аляксандар Мрочак выказваўся супраць гвалту сілавікоў у адносінах да мірных грамадзянаў.