Улады Даніі вырашылі зьнішчыць усіх норак на фэрмах пасьля таго, як у гэтых жывёл знайшлі мутацыю каранавірусу SARS-CoV-2, якая можа заражаць людзей.
На прэс-канферэнцыі 4 лістапада прэм’ер-міністар Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн заявіла, што 12 чалавек ужо заражаныя мутаваным вірусам і што цяпер норка лічыцца небясьпекай для здароўя насельніцтва.
«Мутаваны вірус норкі можа ўяўляць рызыку для эфэктыўнасьці будучай вакцыны», — сказала Фрэдэрыксэн.
Яна адзначыла, што армія, паліцыя і нацыянальная служба дзеля надзвычайных сытуацый будуць мабілізаваны для аказаньня дапамогі фэрмам у зьнішчэньні норак.
Данія лічыцца найбуйнейшым у сьвеце вытворцам футра норкі. У краіне налічваецца да 17 мільёнаў норак, якія жывуць на 1139 фэрмах. Улады Даніі пачалі зьнішчаць норак у кастрычніку. На 67 фэрмах жывёл ужо забілі.