Сьледчы камітэт Беларусі выставіў двум адміністратарам сеткі тэлеграм-каналаў «Нехта» абвінавачаньні паводле трох крымінальных артыкулаў. Сцяпана Пуцілу і Рамана Пратасевіча вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў (арт. 293 КК); арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342); распальваньні сацыяльнай варожасьці паводле прафэсійнай прыналежнасьці» (ч. 3 арт. 130).
«Падчас вывучэньня інфармацыі, разьмешчанай у тэлеграм-каналах, зафіксаваныя неаднаразовыя факты заклікаў да пратэстаў, блякаваньня дарог, страйкаў, каардынацыі несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў з указаньнем канкрэтных месцаў правядзеньня, а таксама маршрутаў перамяшчэньня. Атрыманыя вынікі псыхалінгвістычнай экспэртызы, праведзенай экспэртамі ГКСЭ, далучаны да матэрыялаў крымінальнай справы і пацьвярджаюць высновы сьледзтва», — гаворыцца ў паведамленьні СК.
Цяпер Сьцяпан Пуціла і Раман Пратасевіч знаходзяцца ў міждзяржаўным вышуку. Былы галоўны рэдактар «Нехта» Раман Пратасевіч пакінуў праект у верасьні.
20 кастрычніка стала вядома, што тэлеграм-канал Nexta-Live і лягатып Nexta ў Беларусі прызналі экстрэмісцкімі. Каналы зьмянілі свае назвы на кірылічнае напісаньне.