Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мой голас таксама скралі». 8 тысяч чыноўнікаў адказалі на ананімную анкету пра сытуацыю ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ініцыятыва «Честные люди» запусьціла чат-бот, які дае дзяржслужачым магчымасьць выказацца пра сытуацыю ў краіне. За 7 дзён прыйшло 8 тысяч адказаў. Што напісалі?

Чат-бот працаваў ананімна. Дзяржслужачым, якія выказвалі свой погляд на бягучую сытуацыю ў краіне, прапаноўвалі пазначыць, якую галіну ўлады яны прадстаўляюць і зь якой яны мясцовасьці.

Адкуль чыноўнікі

Вось так выглядае геаграфія адказаў:

  • Менск — 1107
  • Берасьцейская вобласьць — 158
  • Гарадзенская вобласьць — 208
  • Віцебская вобласьць — 143
  • Гомельская вобласьць — 137
  • Менская вобласьць — 278
  • Магілёўская вобласьць — 131

Дзе і кім яны працуюць

Чыноўнікам таксама прапанавалі адказаць, якую галіну ўлады яны прадстаўляюць. На гэтае пытаньне, а таксама на пытаньне аб пасадзе адказалі ня ўсе.

Заканадаўчая — 52
Выканаўчая — 405
Мясцовыя саветы — 33
Органы кантролю — 177
Судовая — 58

Сярод тых, хто ўказаў пасаду:

Галоўны/вядучы спэцыяліст — 437
Кіраўнік ці намесьнік кіраўніка — 157
Кіраўнік ці намесьнік кіраўніка падразьдзяленьня — 331
Сакратар — 48
Спэцыяліст — 896

Што напісалі чыноўнікі

Чыноўнікі маглі таксама адзначыць, чаму зьвярнуліся ў чат-бот. Сярод папулярных прычын:

  • Немагчымасьць выказаць сваю пазыцыю
  • Гвалт і хлусьня ў краіне
  • Фальсыфікацыя выбараў
  • Беззаконьне ў краіне
  • Сваякі пацярпелі ад рэпрэсій
  • Пачуцьцё справядлівасьці

Ініцыятары праекту прыводзяць і некаторыя цытаты тых дзяржслужачых, якія напісалі ў чат-бот. Многія зь іх вельмі эмацыйныя.

  • «Палітычны крызіс можна вырашыць толькі шляхам адкрытага і сумленнага дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй, але дыялёгу няма. А гэта вядзе да катастрофы».
  • «У краіне суцэльная хлусьня, беззаконьне, несправядлівасьць. Хочацца жыць у краіне, дзе можна казаць праўду, дзе кіраўніцтва ня хлусіць, дзе людзей не зьбіваюць (і нават забіваюць) за тое, што яны проста з чымсьці ня згодныя, дзе людзей ня садзяць сотнямі ў турму за выказваньне сваёй пазыцыі. Несправядлівасьць прыгнятае... Кожны дзень думаю, чаму так усё жаласна???? Цяжка на душы!!!!»
  • «Ня згодзен з прававой ацэнкай падзей, якія адбываюцца, з пазыцыі сілавога блёку, лічу дзеяньні кіраўніцтва краіны злачыннымі і шкоднымі для эканомікі краіны, асобных людзей і нацыі ў цэлым».
  • «Мой голас таксама скралі. Мяне таксама праганялі ад выбарчага ўчастка. Мяне таксама праганялі з плошчы крыкам у мэгафон аб тым, што я парушаю закон тым, што прыйшоў на плошчу ў маім горадзе».

Але ініцыятары апытаньня прыводзяць і альтэрнатыўныя думкі. Некаторыя напісалі, што «змагары разваляць эканоміку» і што «ўсім незадаволеным варта ехаць з краіны».

Цяпер у Беларусі каля 100 тысяч чыноўнікаў, якія прадстаўляюць розныя галіны ўлады.


Уся інфармацыя паводле плятформы «Честные люди».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG