Якую справаздачу Беларусі абмяркоўвала Рада ААН па правах чалавека? Тое, што 51 краіна ацаніла гэтую справаздачу ўхвальна, а 41 краіна — скрытыкавала, ці азначае гэта, што Рада большасьцю ўхваліла палітыку беларускіх уладаў? Чым адрозьнівалася цяперашняе абмеркаваньне ад рэзалюцыі Рады адносна Беларусі, прынятай у верасьні?
Адказы на гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» дае беларускі праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
Стэфановіч
- Працэдуру Ўнівэрсальнага пэрыядычнага дакладу (УПД) па правах чалавека праходзяць раз на 5 гадоў усе краіны — ад ЗША да КНДР.
- Сёлета прыйшла чарга Беларусі, Беларусь праходзіць яе ўжо трэці раз.
- Даклад прадставіў ня толькі ўрад, але і праваабарончыя арганізацыі.
- Працэдура УПД такая, што краіны-чальцы Рады даюць ураду, які прадстаўляе даклад, свае рэкамэндацыі па паляпшэньні стану з правамі чалавека. Справа гэтага ўраду — якія з рэкамэндацыяў прыняць, якія не прымаць.
- Паводле досьведу папярэдніх УПД, Беларусь калі і прымае нейкія рэкамэндацыі, то самыя мяккія. І складае на іх падставе нацыянальны плян паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека.
- Раней былі кансультацыі з МЗС з праваабаронцамі наконт таго, як імплемэнтаваць рэкамэндацыі іншых дзяржаваў.
- У цяперашніх умовах гэты дыялёг праваабаронцаў з МЗС наконт нацыянальнага пляну немагчымы, пакуль ня будуць выкананыя нашыя першачарговыя патрабаваньні — гэта вызваленьне ўсіх палітвязьняў і расьсьледаваньне ўсіх фактаў катаваньняў.
- Немагчыма весьці дыялёг з уладамі, калі над тваёй галавой занесеная дубінка, а чальцы тваёй арганізацыі сядзяць у турме.
- Рэкамэндацыі нацыянальных дэлегацыяў — гэта не рэкамэндацыі камітэту па правах чалавека, які складаецца з экспэртаў. А абмеркаваньне УПД — гэта мерапрыемства ў большай ступені палітычнае.
- Гэта ня першы раз, калі сябры афіцыйнага Менску адно хваляць яго палітыку, а не даюць якія б там ні было рэкамэндацыі.
- Краіны ЭЗ прапануюць канкрэтныя рэчы — той жа разбор па фактах катаваньняў.
- Балянс ацэнак УПД, якія выказваюць розныя краіны, — гэта не супольная ацэнка Рады. Калі 51 краіна ўхваліла даклад афіцыйнага Менску, а 41 краіна — скрытыкавала, гэта ня значыць, што Рада большасьцю галасоў ухваліла гэты даклад. Тут Рада як цэлае, як інстытуцыя, не выказвае наагул ніякай сваёй супольнай ацэнкі.
- Тут няма галасаваньня, калі вырашае большасьць.