Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску затрымалі ўжо другую дырыгентку. Палююць на «Вольны хор»?


Тацяна Галуза, архіўнае фота
Тацяна Галуза, архіўнае фота

2 лістапада позьнім вечарам невядомыя затрымалі выкладчыцу Менскага дзяржаўнага каледжу мастацтваў Тацяну Галузу. Дагэтуль няма інфармацыі, дзе яна знаходзіцца, піша «Наша ніва».

Тацяну Галузу затрымалі людзі ў цывільным каля 23:40 у аграгарадку Лясны Бараўлянскага сельсавету, калі яна разам з мужам праходзіла па вуліцы Аляксандрава. Мужа пры гэтым не затрымлівалі. Жанчыну даставілі ў Бараўлянскі аддзел міліцыі. Праз паўгадзіны да пастарунку прыехаў аўтобус з АМАПам і павёз Тацяну ў невядомым кірунку. Мужу міліцыянты не адказалі, куды яе вязуць.

Тацяна Галуза — маці дваіх непаўналетніх дзяцей (7 і 11 гадоў).

Раней міліцыя затрымала дырыгентку Галіну Казіміроўскую. Яе трое сутак трымалі да суду ў ізалятары на Акрэсьціна, а 2 лістапада двойчы аштрафавалі на 1620 рублёў (сумарна). Але за што менавіта, так і засталося загадкай. Вядома толькі, што пратаколы складаліся паводле артыкулу 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаванай акцыі).

«Наша ніва» выказвае вэрсію, што затрыманьні дырыгентак могуць быць зьвязаныя з паляваньнем на «Вольны хор». Гэты калектыў цягам апошніх тыдняў сьпяваў беларускія патрыятычныя песьні («Магутны Божа», «Пагоню», «Купалінку», «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», «Разбуры турмы муры») у гандлёвых цэнтрах, Нацыянальнай бібліятэцы ды іншых публічных месцах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG