Форвард футбольнага клюба найвышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі «Гарадзея» другі раз трапіў за краты за ўдзел у пратэстах. Расьціслаў Шавель знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна, дзе раней адседзеў 8 сутак, піша by.tribuna.com.
Упершыню Расьціслава Шаўля затрымалі 28 жніўня, ён адбыў 8-суткавы арышт у ЦІП на Акрэсьціна.
1 лістапада футбаліста затрымалі на Лагойскім тракце ў Менску падчас маршу ў Курапаты.
19-гадовы гулец «Гарадзеі» дэбютаваў у асноўным складзе каманды ў матчы Найвышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі гэтай вясной. Пасьля першага арышту Расьціслаў Шавель сказаў, што шэраг супрацоўнікаў АМАПу, турэмнай аховы ставіліся да затрыманых, а затым арыштаваных «нібы да жывёлаў».
За ўдзел у пратэстах пад адміністрацыйны арышт траплялі і іншыя футбалісты, сярод іх гулец БАТЭ і нацыянальнай зборнай Беларусі Антон Сарока. Барысаўскі і гарадзейскі клюбы ўстрымаліся ад камэнтароў.