Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палову гульцоў зборнай Беларусі ў пляжным футболе выключылі за зварот да ўладаў


Адзін з выключаных са зборнай гульцоў, брамнік Валер Макарэвіч
Адзін з выключаных са зборнай гульцоў, брамнік Валер Макарэвіч

Палову асноўнага складу зборнай Беларусі ў пляжным футболе выключылі з каманды. Футбалістаў пакаралі за подпісы пад зваротам спартоўцаў з патрабаваньнямі новых выбараў прэзыдэнта і вызваленьня палітвязьняў, піша by.tribuna.com.

У жніўні гульцы нацыянальнай зборнай Беларусі ў пляжным футболе Валер Макарэвіч, Ігар Брыштэль, Ільля Савіч, Іван Мірановіч, Канстанцін Магалецкі, Дзяніс Самсонаў і трэнэр Генадзь Туміловіч (былы брамнік зборнай Беларусі ў футболе) выступілі з заявай, у якой асудзілі гвалт сілавікоў і запатрабавалі сумленных выбараў.

У выніку ўсе яны не прайшлі атэстацыі, якую нечакана вырашыла правесьці Фэдэрацыя пляжнага футболу Беларусі. Шэсьць гульцоў і трэнэра пасьля яе прызналі непрыдатнымі для каманды. Валер Макарэвіч прызнаваўся найлепшым брамнікам у пляжным футболе краіны, а Ігар Брыштэль у складзе італьянскай «Катаніі» заваяваў срэбны мэдаль клюбнага чэмпіянату сьвету.

«Неўзабаве пасьля нашай заявы адміністратарам зборнай Іванам Клімовічам быў створаны асобны чат каманды, у якім не аказалася людзей, якія падпісаліся пад зваротам.... Выключэньне — адзін футбаліст, які адклікаў свой подпіс, Мікіта Чайкоўскі. Яго альбо запалохалі, альбо ён проста памяняў свае погляды. Увогуле, афіцыйна пра тое, што я не прайшоў атэстацыі, даведаўся з прэсы», — сказаў адзін з выключаных футбалістаў Ільля Савіч.

Неўзабаве зборную Беларусі чакае кваліфікацыя да чэмпіянату сьвету ў пляжным футболе. Пасьпяховы выступ зборнай пад вялікім пытаньнем — палову асноўнага складу выключылі за палітычныя погляды, у тым ліку двух брамнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG