Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мільёны беларусаў уступілі ў «Талаку». І гэта назаўсёды


16 жніўня 2020 году каля стэлы ў Менску.
16 жніўня 2020 году каля стэлы ў Менску.

Драматычныя лета і восень 2020 году — ня толькі трагічны час для беларусаў, але і шчасьлівы. Нацыянальная эвалюцыя не спыняецца ні на дзень. Мы сьведкі велізарнага гістарычнага скачка беларускага народу. Тыдзень ідзе за год, месяц — за дзесяцігодзьдзе.

Час гэты шчасьлівы ня толькі для саміх людзей, якія раптам адчулі, што ў іх ёсьць ня толькі малая сям’я, але і вялікая — сотні тысяч і мільёны пабрацімаў. Ён шчасьлівы яшчэ і для фатографаў, кінадакумэнталістаў, гісторыкаў, сацыёлягаў, палітычных аналітыкаў — усіх, хто фіксуе падзеі і задумваецца над іх прычынамі.

Нацыянальная эвалюцыя паглыбляецца і паскараецца, людзі дэманструюць усё больш салідарнасьці і патрыятызму, усё больш гавораць пра гэта і ўсё больш адчуваюць ад гэтага асалоду.

Беларусы пра салідарнасьць і аб’яднаньне ў нацыю

Вось адвольна выбраныя выказваньні вядомых і невядомых сьпікераў зь беларускай інфармацыйнай прасторы.

Экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская:

«... Эмоцыі, якія цяпер адчуваюць беларусы, якія, з аднаго боку, напалоханыя гэтым гвалтам, а з другога — вельмі рашучыя і ня хочуць мірыцца з гвалтам, ня хочуць жыць пры дыктатуры. Гэта жаданьне выкараскацца з балота і шчасьце ад таго, што мы абʼядналіся і гатовыя ўсё зьмяніць урэшце».

Карыстальніца Фэйсбуку Сьвятлана Роўба:

«Когда хочется жить, любить, быть рядом с теми, кого не знаешь, но чувствуешь, что все одно целое!!! Мы живём в маленьком городке, забытом всеми, но мы люди этой земли — Родины!!! Поверьте, даже здесь нас не сломит система».

Карыстальнік Фэйсбуку Сяржук:

«Кожную раніцу я п’ю каву і лічу новыя белыя лісты ў вокнах суседзяў — быццам вітаюся з кожным. Я амаль нікога зь іх ня ведаю, але адчуваю нябачную сувязь, і ад гэтага становіцца цёпла і добра... Мяне завуць Сяржук, і я ганаруся намі, мае неімаверныя БЕЛАРУСЫ!»

Невядомы чытач Тэлеграм-каналу «Баста»:

«Никогда не думал, что доживу до того времени, когда в Минске можно будет вечером сесть в машину и поехать на бесплатный дворовой концерт. А ещё на этом на концерте угоститься чайком с печеньем. По большому счёту сейчас в любом дворе вечером можно так угоститься. Просто приехать — и быть принятым, быть своим. Мы все в один момент стали своими друг другу, социальные отношения перешли на новый по качеству уровень. Мы теперь захотели стать народом и мы им станем».

Былы мэнэджэр нацыянальных зборных Беларусіў хакеі Артур Рэкшта, які цяпер працуе ў Канадзе:

«... Сейчас, когда в стране такой подъем, я ощущаю гордость. То, как белорусы поднялись и мирно все делают. Знаете, что меня еще поразило в белорусах — то, что сейчас происходит во дворах. Там создается комьюнити, общественное движение. То, на чём белорусы будут дальше жить и помогать друг другу... Сейчас люди из-за этих событий создают новое общество. Это сила! И это дальше их понесет вверх. И от этого берет гордость».

Затрыманая за ўдзел у маршах пратэсту шматразовая чэмпіёнка Беларусі ў тайскім боксе Аляксандра Сітнікава:

«Я невероятно горжусь нашими людьми! Они мудрые, сильные и невероятно добрые, столько взаимопомощи и все так культурно. И все это несмотря на страшную жестокость со стороны правительства! Жыве Беларусь!»

84-гадовая лекарка, якая малілася на бальконе падчас маршу 27 верасьня ў Менску:

«Беларусы! Я вас вельмі люблю і ганаруся вамі... Як жа зьмянілася Беларусь цяпер у лепшы бок! Якія ўсе салідарныя і прыгожыя. Як адно аднаму дапамагаюць. Я выйшла на балькон у нядзелю, каб памаліцца за ўсіх вас... Я крычала Богу: «Выратуй нашых прыгожых беларусаў!»

Беларускі футбаліст-легіянэр з Кіргізстану Максім Шыла:

«Со временем наш протест потихоньку превратился в протест достоинства и солидарности... Лично я против того, что происходит после выборов в нашей стране. Полностью солидарен с белорусским народом».

Музыкант Павел Аракелян:

«Сейчас единство чувствуется не только среди музыкантов, но и среди всех белорусов».

І абсалютна вяршынны прыклад нацыянальнай салідарнасьці, калі народ разглядаецца як вялікая сям’я, злучаная крэўным сваяцтвам, ад сусьветнавядомай беларускай лёгкаатлеткі, чэмпіёнкі Эўропы ў маратоне Вольгі Мазуронак, якая падпісала калектыўны ліст спартоўцаў.

Вольга наступным чынам пракамэнтавала пытаньні міністра спорту да яе «У цябе хтосьці пацярпеў? А ты на Акрэсьціна была?»:

«Для меня эти вопросы звучали дико. Если там кто-то пострадал, то это мой народ, а не какой-то чужой. Значит, это тоже мои близкие».

Гэтае архетыпічнае прызнаньне выяўляе самую сутнасьць нацыянальнай салідарнасьці — ёсьць «мы» і ёсьць «яны» (увесь астатні сьвет).

Тое, што беларусы адчулі гэта ў ХХІ стагодзьдзі, у часы глябалізацыі і зьнікненьня межаў — цуд і сплата доўгу гісторыі перад нашым народам. Гэта ўражвае і натхняе, дае надзею і пачуцьцё гістарычнай пэрспэктывы.

Мэтафара нацыянальнага адзінства — счэпка

Счэпкі мужчын і жанчын у процістаяньні з АМАПам на вуліцах нашых гарадоў сталі мэтафарай нацыянальнага адзінства беларусаў. Нацыя — гэта счэпка.

Наступныя сваркі і спрэчкі ў тактычных пытаньнях у будучай вольнай Беларусі ўжо ніколі не перакрэсьляць сямейнага пачуцьця нацыянальнай салідарнасьці. Так, мы можам спрачацца ў пытаньнях унутранай палітыкі — хтосьці дэмакрат, хтосьці кансэрватар і г. д. — але наўрад ці ўжо калі-небудзь мы расчэпім рукі перад вонкавымі пагрозамі.

Якраз гэтае пачуцьцё салідарнасьці прымушае многіх хадзіць на маршы — людзі прызнаюцца, што адчуваюць шчасьце, эўфарыю, разьняволеньне. Яны кажуць, што на нядзельных маршах вызваляюцца ад невясёлых эмоцый палітычнага афіцыёзу будных дзён.

Двары — мэтафара магдэбурскага самакіраваньня

Рэвалюцыя двароў — яшчэ адно праяўленьне салідарнасьці і адзінства. Але ня толькі. Гэта зародак і правобраз будучай муніцыпалізацыі народнага жыцьця і рэальнага самакіраваньня, усеагульнай выбарнасьці лідэраў рознага ўзроўню.

А яшчэ — гэта містычнае, на генэтычным узроўні культуры вяртаньне магдэбурскіх традыцый у беларускія гарады. Упершыню за апошнія 200-300 гадоў яны робяцца зноў беларускімі. Магчыма, нават супольнасьць двароў будзе неўзабаве зноў выбіраць гарадзкіх кіраўнікоў — бурмістра ці войта, лаўнікаў (гарадзкіх судзьдзяў) і нават вознага (шэфа мясцовай паліцыі, шэрыфа), як гэтыя пасады называліся ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Так народ рэалізуе салідарнасьць гарызантальную, салідарнасьць паміж людзьмі, якія жывуць цяпер і адчуваюць сябе вялікай сям’ёй — супольнасьцю адзінага лёсу, нацыяй.

Вэртыкальная салідарнасьць народу як повязь часоў

Адметнай рысай нацыі зьяўляецца ня толькі гарызантальная салідарнасьць, але і вэртыкальная — салідарнасьць сёньняшніх пакаленьняў зь мінулымі і будучымі — з продкамі і нашчадкамі.

Нацыя, як і любая сям’я, шануе сваіх дзядоў-прашчураў і дбае пра нашчадкаў. Нацыя захоўвае перададзены ёй ад продкаў скарб — тэрыторыю, нацыянальную культуру, мову, традыцыі — і дбае пра тое, каб захаваць, разьвіць і перадаць гэта ўсё сваім нашчадкамі.

Якраз сувязь, салідарнасьць паміж пакаленьнямі, якая канцэнтруецца і фармулюецца ў нацыянальнай гісторыі, нацыянальным гістарычным міце, зьяўляецца імунітэтам нацыі ад хваробаў дэнацыяналізацыі.

Як беларусы галасуюць за мову

У палітычным сэнсе нацыя імкнецца авалодаць дзяржавай. У духоўным — захаваць сваю культуру.

Узьняўшы бел-чырвона-белы сьцяг, герб Пагоню і выгукваючы лёзунг Купалы «Жыве Беларусь», беларусы паказалі, за якую дзяржаву яны змагаюцца і якой, у палітычным сэнсе, яна будзе пасьля перамогі.

І ў духоўнай сфэры ход нацыянальнага працэсу таксама вядомы.

Спачатку самаідэнтыфікацыя, пасьля самапазнаньне (гісторыя, культура, традыцыі) і, нарэшце, мова як вяршыня нацыянальнага перажываньня і галоўны памежны бастыён нацыянальнай краіны. Мова — гэта сэрца культуры, а культура, як мне ўжо ня раз даводзілася пісаць — гэта тэрыторыя духоўнага сувэрэнітэту нацыі.

Пэрспэктыва беларускай мовы сёньня выглядае вельмі аптымістычна і няма ніякіх падстаў прарочыць Беларусі лёс Ірляндыі.

Беларусы ў сваёй масе ўсё яшчэ застаюцца білінгвамі з пасіўнай беларускай часткай у моўнай пары. Але ёсьць адно «але». Беларуская мова за апошнія 20 гадоў ужо перамагла маральна і, што яшчэ больш важна, на нашых вачах перамагае эмацыйна. Практычна ўсё, што сёньня сьпяваецца ў дварах, на вуліцах і ў гандлёвых цэнтрах — беларускамоўныя песьні і гімны. Іншых у беларусаў няма.

Цытата зь менскага раённага чату:

«Дорогие соседи! Предлагаем вам начать неделю с прекрасного! В понедельник 19 октября в 19:15 двор 78-80 приглашает вас спеть вместе с профессиональными исполнителями наши любимые песни „Муры“, „Пагоню“, „Купалінку“, „Магутны Божа“ и др.»

Музыка, сьпевы завязаныя на пачуцьцёвую сфэру чалавека, на эмоцыю. Мы бачым, як салідарныя беларусы ўжо прагаласавалі сваімі пачуцьцямі і эстэтыкай за родную беларускую мову.

Ніводная фальклёрная экспэдыцыя ў ХХ стагодзьдзі і ніводзін канцэрт беларускіх рок-гуртоў за апошнія 50 гадоў не былі дарэмныя — усё мае свой сэнс і значэньне.

Што зь беларусамі будзе далей. Талака

Талака — гэта таксама мэтафара нацыі, мэтафара салідарнасьці і ўзаемападтрымкі. А згаданая раней счэпка — гэта сутнасны сынонім талакі. Вось што я маю на ўвазе.

Калі мы гаворым, што нацыянальная эвалюцыя ў духоўнай сфэры мае тры элемэнты: самаідэнтыфікацыя, самапазнаньне і мова як вяршыня нацыянальнага перажываньня, то вось што будзе адбывацца з нашым народам у наступныя гады.

Тыпалягічна сёньняшніх нованароджаных беларусаў (сотні тысяч тых, што выходзяць на маршы пратэсту, а разам са сваякамі і больш шырокімі сем’ямі — гэта мільёны) можна сьмела параўнаць зь сябрамі «Талакі» — менскага моладзевага клюбу другой паловы 80-х гадоў ХХ стагодзьдзя, да якога меў гонар належаць і аўтар гэтых радкоў. Вельмі сымбалічна, што пасьля ўтварэньня аргкамітэту БНФ 19 кастрычніка 1988 году, аснову фронтаўскіх груп падтрымкі па ўсёй краіне склалі члены Канфэдэрацыі беларускіх суполак, стваральнікам і лідэрам якой была менская «Талака». А БНФ, як вядома, прывёў Беларусь да незалежнасьці. Глыбока сымбалічна, што ў пачатку новага этапу разьвіцьця нацыі (талакі, счэпкі) — была «Талака».

Нацыянальная ідэнтычнасьць выбіраецца адзін раз у жыцьці. Прыклады мімікрыі і паўторных пераходаў рэдкія. Мае паплечнікі па «Талацэ» практычна ўсе засталіся ў беларушчыне — Сяржук Вітушка, Вінцук Вячорка, Алесь Суша, Віктар Івашкевіч, Сяргей Дубавец, Алесь Бяляцкі, Вадзім Александровіч, Ірына Дубянецкая, Караліна Мацкевіч, Алеся Сёмуха, Андрусь Абламейка, Генік Лойка і многія іншыя — працавалі і працуюць для Беларусі.

Пазнаючы беларускі сьвет — сваю гісторыю і культуру — чалавек раней ці пазьней перажывае культурны шок і катарсіс нацыянальнага ўсьведамленьня. Боль гэтага перараджэньня (нараджэньня) запамінаецца назаўсёды.

Калі людзі спазнаюць сапраўдную гісторыю сваёй краіны і даведваюцца, які неімаверна цяжкі шлях прайшоў народ, каб выжыць і захавацца, колькі ахвяраў многімі пакаленьнямі было прынесена для таго, каб сёньня можна было ўголас, бяз страху і з гонарам сказаць «Я беларус» або «Я беларуска», яны зазнаюць эмацыйны шок.

Гэта рэальна цяжка перажыць, калі разумееш, як часта тваю зямлю тапталі захопнікі, як тысячамі забівалі продкаў, як выразалі цэлыя гарады і паветы, як зьнішчалі палову насельніцтва тваёй краіны ў адной вайне або траціну — у іншай, як рабавалі і вывозілі мастацкія, культурныя і матэрыяльныя скарбы, як душылі паўстаньні, высылалі ў Сібір, расстрэльвалі ў Курапатах і ГУЛАГу найлепшых, найбольш актыўных і таленавітых людзей, — мозг выбухае.

Нешта падобнае адбылося са мной, студэнтам гістфаку БДУ, у другой палове 80-х гадоў. Здавалася, я звар’яцею — начамі не было сну, перакуры на бальконе даводзілі да ачмурэньня, здаралася нават плакаць ад крыўды і бясьсільля. Але я не звар’яцеў. Я проста стаў больш актыўным палітычна і больш настойліва дзяліўся сваімі ведамі з калегамі па «Талацэ».

І калі на Дзяды 1 лістапада 1987 году ў савецкай Беларусі адбыўся першы антысавецкі мітынг, арганізаваны «Тутэйшымі» і «Талакой», на якім Анатоль Сыс зачытаў імёны зьнішчаных у 30-я гады айцоў БНР (Ластоўскага, Лёсіка, Некрашэвіча, Цьвікевіча і іншых) — то іх у прамову Сыса ўпісаў я.

І вось сёньня ў краіне зьявіліся сотні тысяч і мільёны «талакоўцаў», якія гэтак сама адкрываюць для сябе Бацькаўшчыну, як некалі яе адкрылі для сябе мы.

Далей яны будуць ісьці (у жыцьці і гісторыі) талакой, счэпкай.

Індывідуалісты-беларусы заўсёды сьцераглі ўласную прастору і аб’ядноўваліся ў талаку ў выпадку пільнай патрэбы, бо талака — гэта салідарнасьць. Грамадзяне разьвітых нацый заходняга сьвету таксама жывуць сваім індывідуальным жыцьцём, але ў выпадку пільнай патрэбы (вонкавай ці ўнутранай пагрозы, прыроднай катастрофы, эпідэміі і г. д.) за справу заўсёды бяруцца салідарна, талакой.

Historia est magistra vitae

Вялікая імпэрская краіна на ўсходніх межах Беларусі для нашай краіны — захопніца і каварная мачаха. Яна спрабавала схаваць і перапісаць беларускую гісторыю, спрабавала і спрабуе духоўна ўсынавіць і ўдачарыць мільёны беларусаў і беларусак.

Але сёньня мы назіраем працэс, калі, дзякуючы гісторыкам, дзеці даведваюцца, што ў іх ёсьць і сапраўдная маці — Беларусь, у якой іх скралі. Няма ніякага сумневу, што большасьць захоча ўцячы ад прыёмнай маці да роднай, або з імпэрскага дзіцячага дому — да сваіх, у дом родны.

Ні Сяргей Ціханоўскі, ні Віктар Бабарыка, ні Валер Цапкала, ні тры гераічныя жанчыны, якія іх замянілі — Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава і Вераніка Цапкала — не чакалі, што адказам на палітычную і сацыяльна-эканамічную агітацыю будзе нацыянальнае паўстаньне (і паўставаньне) бел-чырвона-белай Беларусі. Але так сталася.

Сталася таму, што ўсе памыляліся, калі думалі, што беларускія кніжкі выходзяць малымі тыражамі, што гістарычнай літаратуры недастаткова, што кнігі Ўладзімера Арлова шырокай публіцы малавядомыя, што Павел Севярынец і Мікола Статкевіч — маргіналы, якія здольныя вывесьці на вуліца максымум некалькі тысяч чалавек. Аказалася, не. Цяпер, пакуль яны сядзяць у турме, мільёны людзей па ўсёй краіне выгукваюць «Жыве Беларусь» і ўздымаюць нацыянальныя сьцягі.

Вось разважаньні нованароджанага беларуса ў адным зь менскіх чатаў пра бел-чырвона-белы сьцяг:

«И знаете что — в 1991 мы его очень легко получили, не оценили, а потому в 1995 так легко и потеряли. А сейчас мы его выстрадали на своих спинах, и теперь уже точно никому не отдадим! Сегодня он бесценен! Это правда!!! И чертовски красив! Самый красивый флаг в мире!»

А вось дэклярацыя тыповай талакоўкі 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, агучаная ў 2020 годзе беларускай тэнісісткай Верай Лапко. Яе пачуцьці нічым не адрозьніваюцца ад аналягічных перажываньняў колішніх талакоўцаў-нэафітаў:

«Беларусь переживает тяжелые времена. Но она навсегда останется моим домом, маёй Радзiмай, моим местом силы, как говорят. В ней всё своё: и природа, и люди, и воспоминания из детства, и любимые кафешки в Минске, и красивые старинные улочки в Гродно, и красивейшие парки по всей стране... И жить я хочу тоже у себя на Родине — в Беларуси».

Вяршыняй гэтага перажываньня заўсёды была і будзе мова.

Энэргія нацыянальнага пачуцьця ўсё яшчэ застаецца самай моцнай рухальнай сацыяльнай сілай у нашым рэгіёне Эўропы. Мне ўжо даводзілася пісаць, што нацыянальнае — гэта біялёгія плянэты, яго разьвіцьцё і рост не спыняюцца нават у неспрыяльных умовах. На нашых вачах некалькі мільёнаў людзей усьвядомілі сябе асобнай ад іншых нацыянальнай папуляцыяй-адзінкай і далей будуць салідарна процістаяць вонкавым і ўнутраным пагрозам.

Гэтаму пачуцьцю нацыянальнай салідарнасьці процістаіць мёртванароджаны сурагат афіцыйнага патрыятызму пад лёзунгам «За Беларусь». Насамрэч, уся ідэалягічная вэртыкаль разумее пад гэтым толькі вернасьць рэжыму і асабіста яго лідэру. Ды яшчэ пашану да савецкай эпохі і яе сымбаляў. Выказваньне іншых палітычных сымпатый разглядаецца як «непатрыятычнае», і чалавека тут жа звальняюць як здрадніка, бо дзяржава прыватызаваная адной асобай.

Гэтая вэрсія афіцыйнага патрыятызму мала што мёртвая, яна яшчэ і службовая, інструмэнтальная для ўлады ў яе кантактах з народам. У часы шчырасьці ад яе лідэра можна пачуць і такое:

«...Мы ніколі ня тое што ня кінем камень у бок Усходу і Расеі... нашай Расеі. Я ня ведаю, як вы яе ўспрымаеце. Гэта мая Расея. Мы ніколі так ня зробім... Расея — гэта наша, рускія людзі — гэта наша. Мы абсалютна ад іх нічым не адрозьніваемся».

Але народ Беларусі перарос урад.

Нават калі нацыянальнае паўстаньне і рэвалюцыя пацярпяць тактычную паразу, то і тады ў абуджаных беларусаў застанецца шлях негвалтоўнага супраціву — італьянскі страйк, самапазнаньне, самаадукацыя і самаарганізацыя (самамуніцыпалізацыя). І гэта ўсё роўна прывядзе да перамогі. Проста крыху пазьней.

Калі пераможа беларуская мова

Адказ на гэтае пытаньне вельмі кароткі.

Калектыўны погляд новых талакоўцаў на моўнае пытаньне выказаў ужо згаданы тут былы мэнэджар нацыянальных зборных Беларусі ў хакеі Артур Рэкшта:

«Это же Родина. Мы не говорим на белорусском языке, но мы его не забыли».

Існуе палітычная заканамернасьць. Чым больш актыўна Расея будзе ўмешвацца ў справы Беларусі, тым хутчэй будзе адбывацца беларусізацыя мільёнаў новых талакоўцаў.

Вось надпісы на двух плякатах, якія трымалі ў руках невядомыя ўдзельнікі «Маршу герояў» 13 верасьня ў Менску, перад паездкай Лукашэнкі ў Сочы на перамовы з Пуціным. Іх аўтары, несумненна, — тыповыя новыя талакоўцы:

«Пуцін, не хапай, — падавісься».

«Такая краіна не прадаецца, яна патрэбна нам самім».

Калі Расея хоча не дапусьціць татальнай беларусізацыі беларусаў або запаволіць гэты працэс, ёй трэба трымацца ад Беларусі на пэўнай адлегласьці.

У выпадку нармальнага, рэгулярнага разьвіцьця краіны беларуская мова запануе ў Беларусі празь некалькі дзесяцігодзьдзяў — прыблізна праз 20-30 гадоў.

У выпадку ж, калі краіна будзе акупаваная Расеяй і страціць незалежнасьць — беларусы пяройдуць на беларускую мову амаль адразу, за некалькі гадоў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG