Наваполацкі завод «Нафтан» накіраваў сваіх спэцыялістаў на «Гродна Азот» дзеля «дапамогі ў забесьпячэньні бесьперапыннага тэхналягічнага працэсу». Пра гэта напісаў генэральны дырэктар нафтаперапрацоўчага прадпрыемства Андрэй Сойка ў звароце, апублікаваным 2 лістапада ў газэце «Вестник Нафтана».
«Мы запэўніваем, што калектыў „Нафтану“ заўсёды гатовы падставіць плячо і падтрымаць работнікаў „Гродна Азоту“ ў любых сытуацыях», — праінфармаваў Андрэй Сойка. Ён прызнаўся, што накіраваў рабочых у Горадню «для бесьперапыннага тэхналягічнага працэсу, недапушчэньня спыненьня вытворчасьці, у тым ліку і з прычыны складанай эпідэміялягічнай сытуацыі».
«Мы ўпэўненыя, што пляны асобных правакатараў і экстрэмістаў на тое, што ААТ „Гродна Азот“ спыніцца і працоўныя застануцца без зарплаты, ня будуць рэалізаваныя. Нікому ня ўдасца мэтадамі шантажу і запалохваньня разбурыць вытворчасьць і салідарнасьць рабочых. Заўтра, калі спатрэбіцца, вы дапаможаце нам», — піша гендырэктар «Нафтана».
Ён зьвярнуў увагу, што «Нафтан» і «Гродна Азот» забясьпечваюць працай тысячы людзей, зьяўляюцца горадаўтваральнымі і робяць асноўны ўнёсак у паступленьне даходаў ад падаткаў у бюджэты сваіх рэгіёнаў.
Раней генэральны дырэктар «Гродна Азота» Ігар Бобыр абвясьціў, што супрацоўнікаў, якія перашкаджаюць працы прадпрыемства, адхіляць ад выкананьня абавязкаў. Ён таксама праінфармаваў, што на завод накіруюць працоўных зь іншых прадпрыемстваў, першую групу складуць 40 чалавек з Гомля, Магілёва і Наваполацку.
- «Гродна Азот» стаў самым актыўным у падтрымцы Агульнанацыянальнага страйку, да якога заклікала Сьвятлана Ціханоўская.
- Больш за 100 супрацоўнікаў у мінулы панядзелак, 26 кастрычніка, сабраліся на прахадной прадпрыемства і запатрабавалі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, прызначэньня новых прэзыдэнцкіх выбараў і вызваленьня палітвязьняў. Рабочых схапіў і зьбіў АМАП.
- Шэраг працаўнікоў працягваюць страйк.
- Супраць работніка прадпрыемства Аляксандра Жука распачалі крымінальную справу.