Адвакаты Віктара Бабарыкі абскардзілі чарговае падаўжэньне тэрміну ўтрыманьня пад вартай па 18 сьнежня. Дата судовага паседжаньня па скарзе абароны пакуль не вядомая, паведаміў TUT.BY адвакат Зьміцер Лаеўскі. Ён кажа, што законных падставаў для таго, каб утрымліваць Віктара Бабарыку пад вартай, боку абароны не вядома.
«Іх не было ні ў чэрвені, ні цяпер. Зьвяртаю ўвагу, што проста капіраваньне артыкула кодэксу ў пастанову сьледчага зусім ня робіць такую пастанову законнай, — адзначае Зьміцер Лаеўскі. Бок абароны катэгарычна адхіляе ўсе абвінавачаньні і ня згодны зь імі. А тое, што орган сьледзтва больш як за 4 месяцы не сфармуляваў канкрэтнага інкрымінаванага дзеяньня, таксама кажа аб непрымальнасьці заключэньня пад варту. Калі пры гэтым успомніць, што раней праваабарончай супольнасьцю і міжнароднымі арганізацыямі зьвярталася ўвага на сувязь крымінальнага перасьледу Віктара Бабарыкі з рэалізацыяй ім палітычных правоў, то пытаньняў узьнікае яшчэ больш».