Марта Лемпарт зьняпраўдзіла словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што імпульсам для апошніх пратэстаў у Польшчы стала нібыта фальсыфікацыя выбараў прэзыдэнтам Анджэем Дудам.
У чацьвер Лукашэнка ацаніў актыўнасьць у Польшчы:
«Яны хацелі ў нас зладзіць нават не рэвалюцыю, а мяцеж, а атрымалі самі. Сытуацыя няпростая. Там не адмарозкі падняліся, а жанчыны, і зразумела, за што. Падняліся сяляне, і яны ведаюць, за што. Рабочыя падняліся, дзяржслужбоўцы. Жанчыны пачалі пратэставаць не таму, што аборты забаранілі. Гэта спускавы кручок. Дуда перамог у Польшчы, сфальсыфікаваўшы выбары. Там нават працэнту перавагі не было. Сфальсыфікаваў. І адтуль усё пачалося. Яны хацелі стрэлкі перавесьці на нас. А палякі ня дурні, і там гэта ўсё пачалося».
У гутарцы з Радыё Свабода ініцыятарка «Жаночага страйку» ў Польшчы Марта Лемпарт адказала на заяву Лукашэнкі.
«Позірк дыктатара Лукашэнкі скіраваны на Польшчу. Выдатна. У нас тут ёсьць чалавек, які ідзе па ягоных сьлядах — Яраслаў Качыньскі (лідэр кіроўнай кансэрватыўнай партыі. — РС). Анджэй Дуда — толькі рука яго дапамогі ў справе ўвядзеньня аўтарытарызму ў Польшчы і разбурэньня вяршэнства закону. Я хачу дакладна і выразна сказаць, што выбары былі сфальсіфікаваныя ў Беларусі».
Лемпарт зьняпраўдзіла словы Лукашэнкі, які заявіў, што «жанчыны пачалі пратэставаць не таму, што аборты забаранілі».
«У Польшчы пратэсты пачаліся з таго, што інстытут спадарыні Пшылэмбскай (старшыня Канстытуцыйнага суду) на загад Качыньскага (кіраўнік кіроўнай кансэрватыўнай партыі ПіС) хацеў узмацніць жорсткасьць закону аб абортах. І людзі з гэтым ня згодныя», — сказала Лемпарт.
Ініцыятарка «жаночага страйку» дадала, што пратэст у Польшчы распаўсюдзіўся на новыя групы і агучвае новыя патрабаваньні.
«Самае галоўнае сёньня — гэта тое, што людзі, як у Польшчы, так і ў Беларусі, паўстаюць і супраціўляюцца аўтарытарным лідэрам. Арганізоўваючыся ў супраціў, мы ў Польшчы ідзём па сьлядах беларусак і беларусаў. Цяпер паводле беларускага ўзору ствараецца Каардынацыйная рада, якая пачне працаваць у нядзелю». — сказала Марта Лемпарт.
22 кастрычніка Канстытуцыйны суд Польшчы прыняў рашэньне аб тым, што дазволены польскім заканадаўствам аборт з прычыны паталёгіі плода супярэчыць галоўнаму закону краіны. Гэта рашэньне Канстытуцыйнага суду ўступіць у сілу пасьля яго публікацыі ў «Афіцыйным весьніку». З гэтага моманту ў краіне застануцца толькі дзьве прычыны, якія дазваляюць афіцыйна зрабіць аборт, — пагроза жыцьцю і здароўю маці, або калі цяжарнасьць наступіла пасьля згвалтаваньня.
Рашэньне Канстытуцыйнага суду выклікала пратэсты ў 150 гарадах краіны.