Прэм’ер Чэхіі Андрэй Бабіш 23 кастрычніка прапанаваў сысьці ў адстаўку міністру аховы здароўя Раману Прымулу і лідэру кіроўнай партыі ANO Яраславу Фалтынэку.
Гэта вынік скандалу, фігурантамі якога сталі палітыкі. Журналісты чэскага таблёіда Blesk позна ўначы сфатаграфавалі міністра Прымулу ў рэстаране ў Празе, дзе ён сустракаўся з Фалтынэкам. Прымула добраахвотна ў адстаўку сыходзіць адмовіўся — пра гэта ён абвясьціў на прэс-канфэрэнцыі ў пятніцу. Па словах міністра, ён не зрабіў нічога дрэннага ці супрацьзаконнага.
У Чэхіі — другая хваля эпідэміі каранавірусу: больш як 14 тысяч інфікаваных выяўлена толькі за апошнія суткі. У краіне дзейнічае рэжым локдаўну з закрыцьцём большасьці крам і бізнэсаў. Яго ініцыятарам і прыхільнікам увядзеньня ў Чэхіі абмежавальных захадаў праз каранавірус быў якраз Прымула.
Рэстаран, у якім міністра сфатаграфавалі апоўначы, па правілах локдаўну таксама павінен быў быць зачынены праз карантын. Акрамя таго, Прымула на фота быў бяз маскі — нягледзячы на тое, што насіць яе цяпер абавязкова ў Чэхіі як у закрытых памяшканьнях, так і на вуліцах.
Прымула, эпідэміёляг у вайсковым званьні палкоўніка, быў прызначаны міністрам у верасьні 2020 году. Прадстаўнікі сацыял-дэмакратычнай партыі ČSSD, партнэра кіроўнай партыі ANO па кааліцыі меншасьці, пасьля зьяўленьня фота з рэстарана запатрабавалі ў жорсткай форме адстаўкі чыноўніка, прыстрашыўшы, што пакінуць кіроўную кааліцыю, калі гэтага ня будзе зроблена. Распад кааліцыі азначаў бы адстаўку цяперашняга прэмʼера Андрэя Бабіша. Бабіш, спрабуючы пазьбегнуць адстаўкі, заявіў, што Прымула павінен сысьці са сваёй пасады добраахвотна, і прыгразіў звольніць яго, калі ён гэтага ня зробіць.
Чэскія СМІ паведамляюць, што Бабіш неўзабаве прадставіць прэзыдэнту Мілашу Зэману новую кандыдатуру міністра аховы здароўя. Аднак Зэман супраць адстаўкі міністра: па дадзеных чэскіх СМІ, прэзыдэнт выказаў сумнеў у тым, што Прымулу за яго правіну трэба абавязкова адхіліць ад пасады.
Мэр Прагі Здэнэк Гржыб абвясьціў у сацсетках, што магістрат Прагі выпіша штрафы за парушэньне рэжыму карантыну міністру і людзям, зь якімі ён сустракаўся ў рэстаране, плюс штраф таксама атрымае сам рэстаран. У Чэхіі бізнэсу, які парушае рэжым карантыну, пагражае штраф да 3 млн крон, або каля 130 тысяч эўра.
Кіраўнік партыі ANO Фалтынэк, які таксама быў у рэстаране, папрасіў прабачэньня перад парлямэнтам за свае дзеяньні. Паводле яго слоў, ініцыятарам сустрэчы быў ён: ён ведае ўладальніка рэстарана і сапраўды сустракаўся зь міністрам у холе ўстановы ўжо пасьля таго, як рэстаран быў афіцыйна зачынены. Сустрэча, паводле яго слоў, была прысьвечана захадам, якія робяцца для барацьбы з каранавірусам, і паляпшэньню камунікацыі.