Баскетбалістку Алену Леўчанку вызвалілі 15 кастрычніка пасьля 15 сутак арышту і штрафу ў 810 рублёў. Невядомы ў балаклаве прывёз спартоўку дадому, хоць бацькі, сябры і паплечнікі чакалі яе каля ізалятару на Акрэсьціна.
Баскетбалістку Алену Леўчанка сёньня аштрафавалі на 810 рублёў за ўдзел у акцыі 20 верасьня. Суд праходзіў онлайн. Перад гэтым Алена адсядзела 15 сутак, але раніцай на волю не выйшла. Яна заставалася ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
Пасьля сёньня суда больш за 100 чалавек прыехалі на Акрэсьціна, каб сустрэць Алену.
Але пазьней яна патэлефанавала бацькам і сказала, што ўжо дома. Як стала вядома пазьней, тады Леўчанка была яшчэ ў Ленінскім РУУС. Пасьля баскетбалістку адвезьлі дадому і адпусьцілі.