Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандра Герасіменя зьехала ў Вільню і ўзначаліла Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці 


Алімпійская прызэрка ў плаваньні Аляксандра Герасіменя
Алімпійская прызэрка ў плаваньні Аляксандра Герасіменя

Шматразовая прызэрка Алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя ўзначаліла Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці.

Вядомая плыўчыха пераехала ў Вільню і ўжо правяла некалькі сустрэчаў з прадстаўнікамі спартовых асацыяцый і мясцовымі чыноўнікамі, удакладняе Tut.by.

«Нашай галоўнай задачай стане фінансавая, псыхалягічная, арганізацыйная і любая іншая дапамога спартоўцам, якія пацярпелі ад рэжыму. Мая роля будзе заключацца ў тым, каб каардынаваць усе напрамкі работы фонду: ад фандрайзінгу да дапамогі. Мы таксама хочам узмацніць узаемадзеяньне зь міжнароднымі арганізацыямі і фэдэрацыямі па відах спорту, каб сытуацыя з правамі спартоўцаў у Беларусі не сыходзіла з эўрапейскага і сусьветнага парадку дня», — расказала Аляксандра Герасіменя.

Толькі за апошнія дні ў Беларусі асуджаныя капітан зборнай у рэгбі Марыя Шакура (10 сутак), кіраўнік клюбу дзюдо Канстанцін Палей (15 сутак), шматразовы чэмпіён сьвету ў тайскім боксе Юры Булат (15 сутак), шматразовая чэмпіёнка Беларусі ў тайскім боксе Аляксандра Сітнікава (10 сутак). Раніцай 15 кастрычніка пасьля 15 сутак зьняволеньня павінна выйсьці з турмы баскетбалістка Алена Леўчанка.

Сама Аляксандра Герасіменя ў 2015 годзе адкрыла дзіцячую школу плаваньня, аднак, пасьля таго як яна пачала выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю, арэнду басэйнаў скасавалі. Ціск з боку дзяржавы зазнаюць і дзясяткі іншых спартоўцаў, якія падпісаліся пад адкрытым лістом з палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці заснаваны сёлета ў жніўні. Ён дапамог ужо больш як 20 спартоўцам, наладзіў камунікацыю зь Міжнародным алімпійскім камітэтам і шэрагам нацыянальных падразьдзяленьняў, якія выказалі гатовасьць падтрымаць пацярпелых беларускіх калегаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG