Дзясяткі тысяч чалавек сталі ўдзельнікамі менскага «Маршу гонару» — дзявятай нядзельнай акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту з боку сілавікоў. Больш за 340 чалавек затрымалі толькі ў сталіцы.
Тэлеграм-каналы анансавалі збор у 14.00 каля стэлы на скрыжаваньні праспэктаў Пераможцаў і Машэрава, а затым шлях да СІЗА КДБ на праспэкце Незалежнасьці і СІЗА № 1 на вул. Валадарскага, каб падтрымаць палітвязьняў. Напярэдадні з часткай з іх, у тым ліку з прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта Віктарам Бабарыкам, сустрэўся Аляксандр Лукашэнка.
Сілавікі больш жорстка, чым у папярэднія тыдні, перашкаджалі збору дэманстрантаў. Ужываліся гумовыя дубінкі, вадамёты і сьвятлашумавыя гранаты.
З-за актыўных дзеяньняў ахоўнікаў парадку, перш за ўсё ў раёне стэлы, у цэнтры горада ўтварылася некалькі калён пратэстоўцаў: на вуліцах Кальварыйская, Няміга, а таксама Крапоткіна.
Адбываліся лякальныя сутычкі зь сілавікамі. Сярод удзельнікаў акцыі ёсьць пацярпелыя. Пасьля заканчэньня масавых шэсьцяў у шэрагу раёнаў паўсталі ланцужкі салідарнасьці.
Традыцыйна ў раёне правядзеньня маршу зачыняліся станцыі мэтро (да 18.00), ва ўсім горадзе блякаваўся мабільны інтэрнэт (да 18.50).
Асаблівасьцю гэтай нядзелі стала масавае затрыманьне журналістаў (каля 40 па ўсёй краіне). Па стане на 21.50 у Кастрычніцкім РУУС Менска знаходзілася 14 прадстаўнікоў незалежных СМІ. Затрымлівалі (і пасьля выпускалі) незалежных журналістаў у іншых гарадах. Агулам па краіне (у Берасьці, Віцебску, Гомлі, Горадні, Магілёве, Бабруйску, Маладэчне, Жлобіне, Кобрыні) затрымалі звыш 400 чалавек.