Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 кастрычніка затрымалі супрацоўніцу ААН у Беларусі Анору Лангар


Анора Лангар
Анора Лангар

Супрацоўніца беларускага офісу ААН Анора Лангар ад учорашняга дня знаходзіцца на Акрэсьціна. Пакуль невядома, за што яе затрымалі. Свабода даведалася дэталі ў сьведкі затрыманьня і калегаў Аноры.

Анора Лангар вядомая ў экалягічнай супольнасьці. Раней яна адказвала за піяр у таварыстве «Зялёная сетка», арганізавала фэстываль экалягічнага кіно «Плянэтарый». Цяпер працуе спэцыялісткай у камунікацыі ў беларускім прадстаўніцтве ААН.

Пра затрыманьне Аноры Лангар паведаміў Канстанцін Чыкалаў у Facebook. Паводле яго, раніцай 10 кастрычніка міліцыянты прыехалі на лецішча да бацькі Аноры, дзе ў той час знаходзілася дзяўчына. Яе запрашалі праехаць у аддзяленьне міліцыі «для размовы». Празь некалькі гадзінаў Анора ў суправаджэньні міліцыянтаў у цывільным, бацькі і свайго калегі паехала ў Першамайскае РУУС Менску.

З аддзяленьня міліцыі Анору перавялі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна. Перадаць рэчы ёй не дазволілі, бо, згодна з новым парадкам, перадачы цяпер прымаюць толькі раз на тыдзень — у чацьвер.

У офісе ААН у Беларусі спрабуюць даведацца, за што затрымалі Анору Лангар, паведаміў Свабодзе дарадца ў пытаньнях камунікацыі Віктар Радзівіноўскі.

Гэта ня першае затрыманьне прадстаўнікоў экалягічнай супольнасьці Беларусі.

8 кастрычніка за ўдзел у акцыі на 13 содняў арыштавалі дырэктарку грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» Марыну Дубіну.

9 кастрычніка паводле таго ж артыкулу на 10 дзён арыштавалі журналіста «Зялёнага парталу» Аляксандра Вялітчанку.

У Беларусі паўтара месяца кожную суботу жанчыны выходзілі на пратэставыя маршы. Пасьля сэрыі брутальных затрыманьняў і «пасадак» беларускія жанчыны зьмянілі тактыку: яны проста гуляюць па горадзе з кветкамі, у прыгожых бела-чырвоных строях, пад бела-чырвонымі парасонамі.

У пятніцу стала вядома, што затрымалі некалькіх актыўных жанчын:

  • Вольгу Шпарагу, філёзафа, сябра Каардынацыйнай рады. Яна на Акрэсьціна (гэта ўжо другое затрыманьне Вольгі цягам апошняга тыдня).
  • Юлію Міцкевіч, суарганізатарку фэмгрупы Каардынацыйнай рады, дырэктарку Цэнтру разьвіцьця эфэктыўнай камунікацыі «Актыўным быць файна». Яе затрымалі каля офісу на вачах у мужа, які прыйшоў сустрэць Юлію з працы.
  • Яўгенію Доўгую, журналістку «Зялёнага парталу». Яе затрымалі на вачах у мужа і 8-гадовай дачкі. Спачатку даставілі ў Партызанскі РУУС, а потым у ізалятар на Акрэсьціна да суду, які адбудзецца не раней за панядзелак.
  • Ганну Якштас, рэдактарку «Сильных новостей» Гомля. Яе затрымалі другі раз за тыдзень (некалькі дзён таму Ганну аштрафавалі на 20 базавых велічыняў).
  • Ларысу Шчыракову, журналістку тэлеканалу «Белсат». Яе затрымлівалі ўжо дзясяткі разоў, нягледзячы на тое, што ў Ларысы непаўналетняе дзіця.

Усіх жанчын пільнавалі каля дому ці працы па некалькі супрацоўнікаў сілавых структур у мікрааўтобусах з танаваным шклом.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG