Колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавірусной інфэкцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 83.023 (552 за апошнія суткі), памёр 891 чалавек (+6), паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
Апошні раз такі сутачны прырост (вышэй за 500) выпадкаў інфэкцыі рэгістравалі 22 чэрвеня. 9 кастрычніка, паводле афіцыйнай статыстыкі, было 489 новых выпадкаў і пяць сьмерцяў.
Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 паправіліся і выпісана 76 983 пацыенты (440 за апошнія суткі).
Праведзена 2 048 355 тэстаў на каранавірусную інфэкцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 25 048.
Міністэрства аховы здароўя зь вясны не публікуе статыстыку тых, хто захварэў па абласьцях і Менску, а таксама цяжкіх хворых, якія на апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Больш за пяць месяцаў міністэрства не праводзіць прэсавых мерапрыемстваў на гэтую тэму.
А як у суседзяў?
Тым часам у Расеі 9 і 10 кастрычніка зафіксавалі абсалютны рэкорд па выяўленых выпадках заражэньня каранавірусам — 12 126 і 12 846 чалавек. Дагэтуль найгоршым днём было 11 траўня, калі на ўлік паставілі 11 656 інфікаваных.
У Польшчы 9 кастрычніка зафіксавалі 4739 новых выпадкаў заражэньня каранавірусам. Гэта абсалютны рэкорд за ўвесь час эпідэміі. Ад 10 кастрычніка па ўсёй краіне ў рамках барацьбы з COVID-19 уступае ў сілу абавязковы «маскавы рэжым», паведамляе Радыё Рацыя. Парушальнікаў гэтага правіла будуць штрафаваць на суму ад 500 злотых ($132).