1 кастрычніка многія беларусы атрымалі смс-паведамленьні ад МУС пра тое, што яны вызначаныя як «парушальнікі парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў», а іх дзеяньні зафіксаваныя фота-відэазапісам.
Беларускі выпуск «Комсомольской правды» высьвятляў, зь якой мэтай рассылаліся смс, як міліцыя ідэнтыфікавала пратэстоўцаў і ці будуць паведамленьні прыходзіць зноў.
Чаму папярэджаньні атрымалі нават тыя, хто ня быў на акцыях пратэсту?
«Атрыманьне падобнага паведамленьня — гэта папярэджаньне аб недапушчальнасьці ўдзелу ў незаконных масавых мерапрыемствах. Сьпіс абанэнтаў, якім накіравалі смс, сфармаваны з выкарыстаньнем тэхнічных магчымасьцяў праваахоўнікаў у ідэнтыфікацыі асобы, — расказалі ў МУС. — Ня выключана, што іх маглі атрымаць і тыя, хто не датычны да несанкцыянаваных акцый. Але ў большасьці гэта людзі, вызначаныя як удзельнікі масавага мерапрыемства. Наша мэта — папярэдзіць, а не адразу складаць адміністрацыйны пратакол».
У ведамстве не выключаюць, што тэлефонная рассылка будзе працягнутая — усё будзе залежаць ад «апэратыўнай абстаноўкі».
Там яшчэ раз падкрэсьлілі, што смс-паведамленьні — прэвэнтыўная мера. Маўляў, ня ўсе абазнаныя пра санкцыю артыкула 23.34 КаАП РБ за парушэньне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў, які прадугледжвае пакараньне ад папярэджаньня (у беларускіх рэаліях амаль не ўжываецца. — РС) да штрафу і адміністрацыйнага арышту.