Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Эўрапарлямэнту зьвярнуліся да вайсковага кіраўніцтва Беларусі: станьце на бок народу. СЬПІС


Марш міру і незалежнасьці ў Менску, 30 жніўня 2020 году
Марш міру і незалежнасьці ў Менску, 30 жніўня 2020 году

Карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк атрымаў копію ліста да найвышэйшых вайсковых кіраўнікоў Беларусі ад групы дэпутатаў Эўрапарлямэнту ў складзе 25 чалавек.

Ліст зьвернуты да 24-х найвышэйшых вайсковых кіраўнікоў Рэспублікі Беларусь — ад міністра абароны да намесьнікаў камандуючых родамі войскаў.

На пачатку ліста яго аўтары сьцьвярджаюць, што Лукашэнка арганізаваў сілавы захоп улады ў Рэспубліцы Беларусь:

«Мы, члены Эўрапарлямэнту, хочам зьвярнуцца да вас зь вельмі выразным пасланьнем, якое тычыцца інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, што адбылася 23 верасьня 2020 году. Працэдура, якую А. Р. Лукашэнка арганізаваў таемна, ня мае абсалютна ніякіх маральных ці прававых падстаў і ня робіць яго прэзыдэнтам ці Галоўнакамандуючым беларускімі Ўзброенымі сіламі. Ад гэтага часу Аляксандар Лукашэнка не зьяўляецца прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь, ён усяго толькі арганізатар сілавога захопу ўлады і дзяржаўнага перавароту, таму любыя ўказаньні, атрыманыя ад А. Р. Лукашэнкі, зьяўляюцца незаконнымі».


На думку аўтараў ліста, найвышэйшым вайсковым кіраўнікам Беларусі

«...надышла пара прыняць асабістае рашэньне: быць верным прысязе абараняць народ Беларусі або прытрымлівацца незаконных указаньняў нелегітымнага ўзурпатара, грамадзяніна Аляксандра Лукашэнкі. Аддаваць незаконныя загады — гэта злачынства, злачынствам зьяўляецца і выкананьне незаконных загадаў. Міжнародная супольнасьць не пакіне гэтыя злачынствы па-за ўвагай. Мы ўпэўненыя, што вам выдатна вядома, што нягледзячы на тое, што Лукашэнка скампрамэтаваў працэс галасаваньня, арганізаваў перасьлед і адхіленьне кандыдатаў, у канчатковым выніку скраўшы галасы народу Беларусі, ён усё ж прайграў выбары, якія адбыліся 9 жніўня 2020 году, і гэта факт».

Дэпутаты Эўрапарлямэнту нагадваюць генэралам і палкоўнікам з найвышэйшага вайсковага кіраўніцтва РБ, што Лукашэнка выкарыстоўвае Ўзброеныя сілы не паводле прызначэньня:

«Народ Беларусі ўважае Сьвятлану Ціханоўскую пераможцай выбараў і абраным прэзыдэнтам Беларусі. Каардынацыйная рада, якая патрабуе дэмакратычных пераменаў у Беларусі, зьяўляецца часовым прадстаўніком народу. Эўрапейскі парлямэнт прызнаў гэта ў сваёй рэзалюцыі аб сытуацыі ў Беларусі ад 17 верасьня 2020 году. Замест таго каб пачаць дыялёг з народам пры дапамозе Каардынацыйнай рады, А. Р. Лукашэнка выкарыстоўвае Ўзброеныя сілы як інструмэнт парушэньня правоў народу Рэспублікі Беларусь».

І, нарэшце, эўрапейскія парлямэнтары заклікаюць вайсковых кіраўнікоў Беларусі не парушаць прысягу і не рабіцца часткай «вайсковай хунты А. Р. Лукашэнкі»:

«Вы, прадстаўнікі войска і міліцыі, — таксама беларусы, вы такія ж людзі, як тыя, хто на вуліцах краіны мірна патрабуе выкананьня сваіх правоў і справядлівых выбараў. Вам трэба абараняць мірных жыхароў, сярод якіх ёсьць цяжарныя жанчыны, а таксама пажылыя людзі, а не зьбіваць і нападаць на іх. Гэта пераломны момант у гісторыі Беларусі, і вы павінны зрабіць правільны выбар: быць часткай перавароту і вайсковай хунты, арганізаванай грамадзянінам Аляксандрам Лукашэнкам, ці стаць на бок гісторыі поплеч зь мірнай беларускай грамадзянскай супольнасьцю, якая проста патрабуе павагі да правоў свайго народу.

Пачуйце голас сваіх суграмадзян, прыслухайцеся да таго, што кажа вам ваша сумленьне. Не паварочвайцеся сьпінай да сваіх суайчыньнікаў. Не ўзаконьвайце сілавы захоп улады. Не станавіцеся часткай вайсковай хунты А. Р. Лукашэнкі. Не станавіцеся саўдзельнікамі злачынства».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG