Зарэгістраваная ў Лёндане крыптабіржа KUNA.IO адмовілася выдаваць Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Беларусі пэрсанальную інфармацыю аб апэрацыях, зьвязаных з Фондам салідарнасьці BYSOL.
Як распавёў кіраўнік біржы Міхаіл Чабанян, на мінулым тыдні ў кампанію прыйшоў ліст ад ДФР КДК з просьбай прадставіць ідэнтыфікацыйнаыя дадзеныя ўдзельнікаў транзакцый, зьвязаных з працай Фонду салідарнасьці BYSOL / Belarus solidarity foundation, які дапамагае тым, хто страціў працу з палітычных прычынаў.
«Паважаныя супрацоўнікі дзяржорганаў РБ. Публічна вам адказваю.
1) Мы, як і ўвесь цывілізаваны сьвет, не падтрымліваем гвалт і адмову ад дыялёгу з апанэнтамі. Пачытайце артыкул 3 Канстытуцыі РБ. Народ зрабіў свой выбар!
2) У адрозьненьне ад нашых калегаў з кітайскіх пляцовак, мы не зьліваем інфармацыю аб нашых карыстальніках», — напісаў заснавальнік KUNA.IO у сваім Тэлеграме.
Больш за тое, крыптабіржа вырашыла падтрымаць беларусаў і адкрыла для іх збор сродкаў на сваім сайце. «Я зьвязаўся з арганізатарамі фонду BYSOL, і мы стварылі для іх краўдфандинговую старонку» — паведаміў бізнэсоўца.
Пасьля гэтага каардынатар By_help і BYSOL Андрэй Стрыжак з іроніяй падзякаваў кіраўніку ДФР КДК за садзейнічаньне ў зборы сродкаў. «Ігар Анатольевіч, Ваша непрыкметная, але вельмі важная праца на перамены ў краіне не застанецца па-за ўвагай», — напісаў Стрыжак у сваім Фэйсбуку.