Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уладам нічога не засталося, як прызнаць сваіх апанэнтаў палітычнымі суб’ектамі». БСДП пра выхад з крызісу


Цэнтральны камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) лічыць, што праз адсутнасьць свабодных і справядлівых выбараў Беларусь увайшла ў зацяжны палітычны крызіс.

«Непрапарцыйнае ўжываньне сілы супраць удзельнікаў мірных акцый з боку кіраўніцтва дзяржавы і праваахоўных органаў канчаткова падарвала давер да дзейнай улады», — гаворыцца ў заяве.

Паводле партыйнага кіраўніцтва, палітычны крызіс наклаўся на эканамічны, у які імкліва апускаецца краіна. Адмова ад шматвэктарнай палітыкі ёсьць вынікам дыпляматычнага правалу на міжнароднай арэне.

А гэта значыць, уладам нічога не засталося, як прызнаць сваіх апанэнтаў палітычнымі суб’ектамі і сесьці за стол перамоваў. Мэта — выхад з палітычнага, эканамічнага і дыпляматычнага крызісаў, у якім апынулася краіна пасьля 9 жніўня. Дзеля гэтага БСДП (Грамада) прапануе «дарожную мапу».

  • Спыніць гвалт і адвольныя затрыманьні мірных грамадзян, актывістаў і журналістаў
  • Неадкладна вызваліць усіх абвінавачаных з палітычных матываў у крымінальных і адміністрацыйных справах
  • Адмовіцца ад перасьледу дзяржаўных і камэрцыйных арганізацый, якія падтрымалі пратэстны рух
  • Завесьці крымінальныя справы па фактах забойстваў, катаваньняў і бясьсьледнага зьнікненьня дэманстрантаў
  • Патрабаваць адстаўкі кіраўніцтва праваахоўных органаў, датычнага да злачынстваў супраць уласнага народу.

На перакананьне БСДП (Грамада), варта неадкладна пачаць шматбаковы дыялёг і рэформу палітычнай сыстэмы. Дзеля гэтага неабходна зрабіць наступныя крокі:

  • Аднавіць дзеяньне Канстытуцыі ў рэдакцыі 1994 году і вярнуць суб’ектнасьць беларускаму народу
  • Прызнаць суб’ектамі палітычнага дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй палітычныя партыі і Каардынацыйную раду і распачаць перамовы пры пасярэдніцтве АБСЭ
  • Стварыць камісію дзеля зьменаў у заканадаўстве з удзелам прадстаўнікоў улады, палітычных партый і Каардынацыйнай рады
  • Скасаваць закон «Аб масавых мерапрыемствах», які супярэчыць Канстытуцыі Беларусі і міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека
  • Прыняць у новай рэдакцыі закон «Аб палітычных партыях» з удзелам суб’ектаў палітычнага дыялёгу
  • Сфармаваць новы склад Цэнтравыбаркаму з абавязковым удзелам палітычных партый
  • Не пазьней за 6 месяцаў прызначыць новыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары, а таксама выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў

Таксама БСДП (Грамада) заклікала Аляксандра Лукашэнку, які сілай утрымлівае ўладу, неадкладна падаць у адстаўку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG