Выканкам Беларускай фэдэрацыі баскетболу прыняў рашэньне да канца кастрычніка ўсе матчы мужчынскага і жаночага нацыянальных чэмпіянатаў праводзіць без гледачоў.
Афіцыйна гэта тлумачыцца тым, што адразу ў некалькіх камандах пачасьціліся выпадкі захворваньня на каранавірус.
Рашэньне адкрыць залі для заўзятараў або падоўжыць карантын будзе залежаць ад зьмены эпідэміялягічнай сытуацыі ў краіне.
Пры гэтым некаторыя спартовыя журналісты лічаць, што ў аснове іншыя прычыны. На іх думку, функцыянэры асьцерагаюцца, каб гледачы на трыбунах не пачалі выказваць сваё стаўленьне да арышту вядомай баскетбалісткі Алены Леўчанкі.
Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых акцыях і пакаралі 15 суткамі арышту.