Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19-гадовага магілёўца, які браў удзел у акцыі пратэсту, з ізалятара забралі ў войска


Павал Мартынаў, кадар зь відэа УУС Магілёўскага аблвыканкаму
Павал Мартынаў, кадар зь відэа УУС Магілёўскага аблвыканкаму

У Магілёве ўдзельніка пратэставай акцыі пакаралі адміністрацыйным арыштам, а з ізалятара забралі ў войска. Міліцыя сьцьвярджае, што малады чалавек пайшоў на пратэст за грошы. Маці лічыць, што сына запалохалі і ён абгаварыў сябе.

Міліцыя: за ўдзел у пратэсьце абяцалі заплаціць 55 рублёў

Упраўленьне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму на сваім сайце разьмясьціла публікацыю пра 19-гадовага ўдзельніка мясцовай акцыі пратэсту, які пайшоў на яе, бо, як сьцьвярджаецца, яму паабяцалі заплаціць 55 рублёў. Адзначаецца, што з сабою на пратэст ён узяў два нажы і пры ім была палка. Увагу міліцыянтаў юнак прыцягнуў, бо быў у балаклаве.

Імя маладога чалавека, затрыманага 23 верасьня, у публікацыі ня згадваецца. На відэа ягоны твар не зарэтушавалі. Яго паказваюць у мэдычнай масцы. Адзначаецца, што за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» Ленінскі раённы суд Магілёва пакараў яго адміністрацыйным арыштам. Маладзёна адлічылі зь каледжу і адправілі ў войска, бо такім чынам ён пазбыўся адтэрміноўкі.

Праваабаронцы: у гісторыі шмат сумнеўных акалічнасьцяў

Магілёўскія праваабаронцы з пазбаўленага рэгістрацыі цэнтру «Вясна» сачылі за лёсам маладога чалавека. Завуць яго Павал Мартынаў. Ён быў асуджаны на 14 дзён арышту. Праваабаронцы ўстрымліваюцца камэнтаваць гісторыю з Паўлам, бо ў ёй шмат сумнеўных акалічнасьцяў. Па затрыманьні юнака нямала ягоных кантактаў у тэлеграм-чатах трапілі пад адміністрацыйны перасьлед.

Маці: на відэа сын гаворыць разгублена і ня ўпэўнена

Паўлава маці Алеся Аляксееўна кажа, што сын, ідучы на акцыю пратэсту, ня меў злачынных намераў. Паводле яе, ён меў частку вудзільна, якую папрасілі ўзяць знаёмыя, а таксама нож, які ён выкарыстоўваў для рамонту ровара і насіў пры сабе.

Павал Мартынаў пасьля затрыманьня, кадар зь міліцэйскага відэа
Павал Мартынаў пасьля затрыманьня, кадар зь міліцэйскага відэа

Суразмоўца ня верыць у тое, што сын пайшоў на пратэст за грошы. Кажа, сыну грошай хапала, бо ў яго была неблагая стыпэндыя. Грошы, паказаныя на відэа, настойвае яна, былі зьнятыя напярэдадні затрыманьня з сынавай карткі.

Алеся Аляксееўна адзначае, што Павал на пратэст пайшоў першы раз і, магчыма, «не зусім уяўляў, куды ідзе». Яго затрымалі, калі пратэставая акцыя ўжо скончылася. Маці дапускае, што сына прымусілі сказаць тое, што ён гаворыць на відэа.

«У яго заўжды свой пункт гледжаньня. Ён самастойны чалавек. Але на відэа гаворыць разгублена і няўпэўнена. Я яго ўбачыла такім упершыню за 19 гадоў. Я разумею, што дзіця проста запалохалі», — кажа жанчына.

Мэдычную камісію праходзіў, адбываючы пакараньне

Алеся Аляксееўна кажа: сын прабыў у ізалятары 7 дзён і цяпер ужо ў войску. У яго была адтэрміноўка праз праблемы з сэрцам і падазрэньне на остэахандроз. Хлопец не пазьбягаў службы.

«Яго завезьлі ў каледж напісаць заяву на акадэмічны водпуск, і ўжо з тэлефона камандзіра часткі ён паведаміў, што „са мною ўсё нармальна, я еду ў армію“. Што з сынам, ня ведаю, пакуль ня ўбачу яго асабіста», — апавядае Алеся Аляксееўна.

Паводле жанчыны, мэдычную камісію сын праходзіў, адбываючы пакараньне ў ізалятары. Родныя яго ня бачылі. Маці гутарыла з камандзірам часткі, і той яе запэўніў, што праблемаў з праходжаньнем службы ў сына ня будзе.

«Дыягназы ж застаюцца пад пытаньнем, — адзначае яна. — У яго часам нямеюць рукі і ногі. У каледжы неяк праз аняменьне ня мог нават кароткі час гаварыць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG