29-гадовая Ірына Саўчанка расказвае Свабодзе, як перажыла першы свой суд за палітыку, што падштурхнула яе да ўдзелу ў пратэстных акцыях, ці было ёй страшна выходзіць на іх ды чым яе палохалі ў міліцыі.
2 кастрычніка Ірыну Саўчанку ў Ленінскім раённым судзе Магілёва аштрафавалі на 540 рублёў за тое, што яна разам зь іншымі пратэстоўцамі 6 верасьня вадзіла карагод насупраць гарвыканкаму.
Пра Ірыну Саўчанку сьцісла
- Нарадзілася ў Клімавіцкім раёне. Жыве ў Магілёве. Адна гадуе дачку.
- Скончыла Магілёўскі ўнівэрсытэт імя Куляшова. Яна журналіст: працуе ў газэце «Талака».
- Захапляецца выпяканьнем кандытарскіх вырабаў. Іх рэклямуе на старонцы ў Інстаграме. Гэтае хобі зьявілася, калі была цяжарнай. Слодычы зьядаюць сябры.
- За ўдзел у пратэстах на яе склалі 4 пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях. За адно аштрафавалі. Тры наперадзе.
«Усе мы хочам, каб жыла Беларусь»
6 верасьня з плошчы ля гандлёвага цэнтру «Атрыюм» меў пачацца Марш адзінства. Пратэстоўцам сабрацца ў калёну перашкаджала міліцыя, тады яны пайшлі па пляцы карагодам. Ён быў кваліфікаваны як «масавае несанкцыянаванае мерапрыемства», а Ірына Саўчанка — актыўная яго ўдзельніца. Паводле прысуду, яна была ў калёне зь іншымі людзьмі, якія выгукалі лёзунгі і мелі апазыцыйную сымболіку, чым выказвалі незадаволенасьць вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў.
Ірына з накінутым на плечы бел-чырвона-белым сьцягам далучылася да забавы разам з сваёй шасьцігадовай дачкой. У гэты момант яе і зафіксавалі на відэа апэратыўнікі. Відэазапісы сталі доказамі віны жанчыны.
На іх яна выгукае: «Верым, можам, пераможам!», «Жыве Беларусь!» ды «Трыбунал!». Ірына сваёй віны не прызнае, але не хавае, што ўдзельнічала ў мірным шэсьці, бо яна супраць беззаконьня і гвалту ў сваёй краіне.
Судзьдзя Алена Літвіна раз за разам пытае абвінавачаную, чаму яна прыйшла на плошчу і чаму зь бел-чырвона-белым сьцягам. Тая рэагуе: «Прыйшла з дачкой пагуляць на пляцоўку», а што да сьцягу, то «яна яго любіць, бо пад ім нарадзілася ў 1991 годзе».
«Усе мы хочам, каб жыла Беларусь», — гледзячы ў вочы судзьдзі, адказвае Ірына пра лёзунг «Жыве Беларусь».
У інтэрвію Свабодзе яна кажа, што бел-чырвона-белы сьцяг не ўспрымае як сымбаль апазыцыйнасьці. Паводле яе, апазыцыя — гэта «жменька людзей, якія нечым незадаволеныя», а цяпер большасьць узьнялася супраць несправядлівасьці.
«Калі чалавек баіцца і раскайваецца, то караюць больш жорстка»
Ірына Саўчанка ўпершыню ўдзельнічала ў судовым працэсе як абвінавачаная «ў палітычным правапарушэньні». У інтэрвію Свабодзе яна прызнаецца, што пабойвалася суду, а на ім супакоілася.
«Штраф такога памеру мне далі, бо я не прызнала сваёй віны», — камэнтуе прысуд прыхільніца пераменаў. Паводле яе, уся сыстэма з допытамі і судамі скіраваная на запалохваньне.
«Калі яны бачаць, што чалавек баіцца і раскайваецца, то караюць больш жорстка», — лічыць яна і дадае: калі б ёй выпала яшчэ раз далучыцца да пратэсту, то без ваганьняў зрабіла б гэта.
«Хачу, каб спынілася ў Беларусі беззаконьне, — дзеліцца Ірына сваімі чаканьнямі. — Цяпер няма такога чалавека, якога б асабіста ці ягонага знаёмца не закранула гэтая бяда. Чым больш гвалту чыняць сілавікі, тым больш гэта злуе людзей».
Не чакала, што вакол будзе столькі гвалту
Ірына Саўчанка зразумела, што зь беззаконьнем нельга мірыцца, калі ў чэрвені былі арыштаваныя карціны падчас ператрусу ў «Белгазпрамбанку», які тады ўзначальваў патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка, а таксама калі сталі хапаць людзей з чаргі ў краму Symbal.by.
«Тады для сябе я пастанавіла, што трэба рабіць усё, каб такіх сытуацыяў у краіне не было, бо я не хачу жыць там, дзе мусіш баяцца стаяць у чарзе», — згадвае суразмоўніца тагачасны свой настрой. Яна прызнаецца, што тады хто-ніхтозь сяброў яе супакойваў, маўляў, усё будзе добра.
Першы раз адкрыта выказаць стаўленьне да сытуацыі ў краіне Ірына выйшла адразу пасьля выбараў 9 жніўня. Увечары таго дня яна не чакала, што вакол будзе гэтулькі гвалту. Жанчына спадзявалася, што сілавікі будуць толькі кантраляваць абстаноўку, але без ужываньня сілы.
«9-га мы сталі сьведкамі, як з двара аднаго з дамоў выбег „рой касманаўтаў“. У мяне быў шок. Мне здалося, што бачу кадры зь фільма. Я зразумела, што такой рэальнасьці не хачу», — апавядае суразмоўніца.
«Фраза „міліцыя з народам“ не працуе»
Пры афармленьні першага пратаколу Ірына Саўчанка прабыла ў міліцыі 7 гадзінаў. Жанчыну палохалі тым, што могуць паставіць яе на ўлік як «сацыяльна небясьпечную» сям’ю, бо яна ходзіць на пратэсты з дачкой.
«Калі мне гэта сказалі, то я спалохалася, бо ведала, што супрацьпаставіць сыстэме нічога не змагу, — кажа Ірына. — Калі захочуць дачку забраць, то забяруць. Больш яе не бяру з сабою, хоць упэўненая, што на мірных шэсьцях зь ёю будзе ўсё добра. Я больш баюся ня мірных мітынгаў, а ўлады».
На допыце ў міліцыі яна ўбачыла людзей сыстэмы, які вераць устаноўкам дзяржаўнай прапаганды — нібыта маці бяруць на пратэст дзяцей, каб імі прыкрывацца, а пратэстоўцам за ўдзел плацяць грошы. Ірына прызнаецца: не была гатовая да таго, што ў міліцыі яе будуць успрымаць як «ворага народу» і што там ня будуць паважаць ейных думак.
«Там я зразумела, што фраза „міліцыя з народам“ не працуе, бо ў іх свая праўда. Для мяне гэта было адкрыцьцём», — прызнаецца суразмоўніца.
Падтрымаць на судзе Ірыну Саўчанку прыйшлі больш за 30 чалавек. Сярод іх быў і палітык Андрэй Дзьмітрыеў. Па сканчэньні працэсу прыхільніцу пераменаў сустрэлі кветкамі і воплескамі.