Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да чаго прывядуць санкцыі ЭЗ. Дыскусія аналітыкаў


Саміт Эўразьвязу, 1 кастрычніка 2020 г.
Саміт Эўразьвязу, 1 кастрычніка 2020 г.

Ці паспрыяюць санкцыі ЭЗ наладжваньню дыялёгу ўнутры Беларусі? Якім будзе адказ афіцыйнага Менску на эўрапейскае рашэньне? Як санкцыі паўплываюць на беларуска-расейскія адносіны?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Сяргей Навумчык.

Карбалевіч: Нарэшце прынятае шматпакутнае рашэньне. Тое, што яно так зацягнулася — сьведчаньне таго, што ў ЭЗ шмат сваіх праблемаў.

Гэта сыгнал беларускаму народу, што ЭЗ яго падтрымлівае, і сыгнал кіроўнаму рэжыму, што Эўропа спрабуе пакараць яго.

У 2011 годзе маштабы пратэсту і рэпрэсіяў былі меншыя. А маштаб санкцыяў большы быў тады.

Санкцыі такія абмежаваныя, бо зьмянілася геапалітычная сытуацыя. Эўропа ня хоча жорсткімі мерамі ўціснуць Беларусь у Расею.

Макей пэўны час таму заявіў, што на санкцыі ўлады Беларусі адкажуць зьменамі ва ўнутранай палітыцы. Можна меркаваць, што ідзецца не пра паслабленьні, а наадварот — пра яшчэ больш жорсткія крокі.

Санкцыі не паспрыяюць беларускаму ўнутрыпалітычнаму дыялёгу.

Санкцыі ня столькі інструмэнт уплыву на паводзіны Лукашэнкі, колькі сымбалічнае пакараньне.

Дракахруст: Эўразьвяз вядзе глябальную палітыку. У Беларусі катуюць. Але і ў Эгіпце катуюць, і ў Азэрбайджане, і ў Кітаі. Уводзіць санкцыі супраць ладнай часткі сьвету?

Да таго ж Эўропа можа ўводзіць жорсткія санкцыі, але за дзеяньні, якія парушаюць міжнародную бясьпеку, — КНДР, Іран, Расея. А за парушэньне правоў чалавека, за сфальсыфікаваныя выбары санкцыі калі і ўводзяць, то такія, як цяпер супраць Менску.

Навумчык: Такіх рэпрэсіяў, як цяперашнія, Беларусь ня ведала з часоў Сталіна, а можа і з часоў нацысцкай акупацыі.

Пазбавіць Ярмошыну ці Караева магчымасьці папіць каву каля Эйфэлевай вежы — гэта крок, неадэкватны таму, што яны ўчынілі.

Беларусь — гэта Эўропа. Таму да яе ставяцца ня так, як да Эгіпту ці Азэрбайджану.

Найбольш дзейнымі санкцыямі супраць Лукашэнкі былі б санкцыі да расейскай улады, якая яго падтрымлівае.

Імавернасьць увядзеньня эканамічных санкцыяў з боку Эўразьвязу нулявая. Магчыма, ЗША ўвядуць больш жорсткія санкцыі, у прыватнасьці, адновяць прыпыненыя санкцыі, уведзеныя яшчэ за прэзыдэнтам Джорджам Бушам-малодшым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG