Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Веру ў лепшую будучыню для беларускага народу». Амбасадар у Аргентыне падаў у адстаўку ў дзень інаўгурацыі Лукашэнкі


Уладзімер Астапенка
Уладзімер Астапенка

Пасол Беларусі ў Аргентыне і Рэспубліцы Чылі, Парагваі і Перу па сумяшчальніцтве Ўладзімер Астапенка падаў у адстаўку ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта амбасадар расказаў TUT.BY.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў шэраг дыпляматаў пакінулі МЗС праз сваю грамадзянскую пазыцыю, агучаную публічна. Пастоў пазбавіліся паслы Беларусі ў Гішпаніі, Латвіі і Славакіі.

— Сапраўды, 23 верасьня я падаў заяву аб вызваленьні ад займанай пасады за згодаю бакоў у адпаведнасьці з п. 1 часткі другой артыкулу 35 Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Цяпер чакаю прыняцьця адпаведнага ўказу, да гэтага моманту фармальна застаюся на службе. Веру ў лепшую будучыню для беларускага народу! — сказаў Уладзімер Астапенка.

На пытаньне, што стала прычынай падачы заявы, пасол Астапенка папрасіў зьвярнуць увагу на дату яе падачы.

23 верасьня, нагадаем, прайшла «таемная» інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі, дату якой загадзя афіцыйна ніхто не агучваў.

Уладзімер Астапенка — кар’ерны дыплямат, пачынаў сваю працу трэцім сакратаром МЗС Беларускай ССР. Займаў пасаду намесьніка міністра замежных спраў, працаваў у шэрагу амбасадаў. У 2018 годзе быў прызначаны паслом Беларусі ў Аргентынскай Рэспубліцы, а пазьней — паслом у Чылі, Парагваі і Перу па сумяшчальніцтве.

Хто яшчэ звольніўся з МЗС

У адстаўку на днях таксама падаў старшы дарадца амбасады Беларусі ў Латвіі Андрэй Аўраменка. Аб сыходзе з МЗС Аўраменка паведаміў у сябе ў сацетках.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў шэраг дыпляматаў пакінулі МЗС з прычыны сваёй грамадзянскай пазыцыі, выказанай публічна. Пастоў і/або дыпляматычнага рангу пазбавіліся паслы Беларусі ў Гішпаніі, Латвіі і Славакіі.

Супрацоўніка цэнтральнага апарату, начальніка гісторыка-архіўнага аддзяленьня МЗС Вячаслава Казачэнку, які выйшаў на пікет супраць гвалту ў краіне, звольнілі з замежнапалітычнага ведамства паводле артыкулу; кіраўнік дэпартамэнту Паўночнай Амэрыкі і Заходняй Эўропы Андрэй Бушыла і першы сакратар упраўленьня Эўропы МЗС Павал Слюнькін самі падалі ў адстаўку.

З МЗС Беларусі па згодзе бакоў звольнілі таксама старшага дарадцу ўпраўленьня Эўропы Андрэя Садоўскага — за публікацыю ў сацыяльных сетках уласных вершаў з асуджэньнем пасьлявыбарчага гвалту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG