Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы будзем ісьці да канца». У горадзенскім драмтэатры адмянілі ўсе спэктаклі


Горадзенскі тэатар.Архіўнае фота.
Горадзенскі тэатар.Архіўнае фота.

Горадзенскі драматычны тэатар з 25 верасьня спыняе паказы спэктакляў і пераходзіць у рэжым рэпэтыцый, хоць на бліжэйшыя дні раскупілі амаль усе білеты.

Афіцыйная прычына — эпідэмічная сытуацыя. Як расказалі адразу некалькі артыстаў драмтэатру, кіраўніцтва ім паведаміла, што тэатар пераходзіць на рэжым рэпэтыцый у сувязі з эпідэмічнай сытуацыяй, бо так нібыта параіла Міністэрства здароўя.

«Каб не было падтрымкі тэатру і акторам у той сытуацыі, якая склалася», — выказаў думку аб прычынах такога рашэньня заслужаны артыст Беларусі, рэжысэр драмтэатру Сяргей Курыленка.

Чакалі аншлягу

Упершыню за паўгода з пачаткам эпідэміі каранавірусу ў тэатры мог здарыцца аншляг. На паказ 25 верасьня раскупілі амаль усе білеты, на 26 верасьня — усю залю. Да гэтага ў тэатры былі амаль пустыя залі на спэктаклях.

«Мы хваляваліся, мы вельмі моцна чакалі гледачоў», — кажа актор Ігар Уланаў. Рэпэтыцыйны рэжым адаб’ецца на заробках многіх актораў, якія цяпер не задзейнічаныя ў рэпэтыцыях. «Рэпэтыцыйны працэс цяпер не ва ўсіх. Гэта ўсё! Тэатар спыняецца. Можна было граць 5 спэктакляў, але ж гэта не рэпэртуарная палітыка», — эмацыйна кажа Васіль Мініч.

Што гавораць акторы аб прычынах

Вядома, што яшчэ аднаго артыста драматычнага тэатру, Ігара Ўланава, які грае амаль ва ўсіх спэктаклях, хочуць звольніць. Ігар пакуль не падпісаў ніякіх папераў.

«У тэатры адбываецца бардак. Абсалютнае адчуваньне бездапаможнасьці і бяспраўя з боку нашых кіраўнікоў. Нікому ня важныя твае погляды, нікому ня важныя твае думкі, нікому ня важная твая праца», — кажа артыст Ігар Уланаў.

Трох артыстаў — Васіля Мініча, Натальлю Лявонаву і Сяргея Курыленку — пазбавілі ўсіх прэмій і даплат за месяц. Яны атрымаюць заробак каля 100-150 рублёў. Што калектыў будзе рабіць далей, яны пакуль ня ведаюць. Яны ня вырашылі, ці будуць звальняцца ўсім складам, як купалаўцы.

Ігар Уланаў адзначыў, што ён сам і ўсе ягоныя калегі працягваюць змагацца «за нашую любімую краіну, за сумленнасьць, прыстойнасьць, супакой».

«Мы будзем змагацца ўсімі даступнымі спосабамі, якія ёсьць у актораў. Я ганаруся сваім калектывам. Мы разам, і гэта самае галоўнае. Рашэньне, куды мы будзем рухацца ўсім калектывам, будзем прымаць усе разам Узяць цяпер і перабегчы ў нейкі іншы тэатар — абсалютна няма такіх думак. Мы адзіны калектыў. Мы ўсе разам. Мы будзем ісьці да канца», — заявіў ён.

Канфлікт у горадзенскім тэатры

20 верасьня падчас пратэставай акцыі ў Горадні затрымалі заслужанага артыста Беларусі Сяргея Курыленку і ягоную жонку артыстку Валянціну Харытонаву. Іхныя калегі, калі даведаліся пра гэта, ня здолелі дайграць спэктакль. Гледачам пра гэта абвесьціў Ігар Уланаў.

22 верасьня звольнілі артыстку Лізавету Мілінцэвіч, якая была сярод выканаўцаў, якія ня скончылі спэктакль. У той жа дзень на размову з артыстамі прыяжджаў старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Каранік.

Уладзімер Каранік прыехаў на сустрэчу з акторамі Горадзенскага тэатру. 22 верасьня 2020 году.
Уладзімер Каранік прыехаў на сустрэчу з акторамі Горадзенскага тэатру. 22 верасьня 2020 году.

Спэктаклі 22 верасьня (у дзень прыезду Караніка) і 23 верасьня (у дзень інаўгурацыі Лукашэнкі) адмянілі.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG