Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усе апусьцілі вочы». Пагаварылі са студэнткай, якая адмовілася ад прэзыдэнцкай стыпэндыі праз гвалт у краіне


Патрыцыя Сьвіціна
Патрыцыя Сьвіціна

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтва Патрыцыя Сьвіціна адмовілася ад стыпэндыі Спэцыяльнага фонду прэзыдэнта Беларусі для падтрымкі таленавітай моладзі.

Уручэньне дыплёму стыпэндыята адбывалася на радзе ўнівэрсытэту.

«На пачатку пасяджэньня запрасілі ўсіх стыпэндыятаў, каб іх узнагародзіць, — расказала Свабодзе Патрыцыя Сьвіціна. — Сярод іх была і я. Калі даййшла чарга да мяне, я сказала, што такой узнагароды я не магу і не хачу прыняць».

Паводле Патрыцыі, стыпэндыя Спэцыяльнага фонду прэзыдэнта бывае рознай, аднаразовай ці шматразовай, адмысловая камісія вырашае, каму і якую стыпэндыю даць. Патрыцыі далі стыпэндыю як ляўрэатцы 2-й ступені міжнароднага фальклёрнага конкурсу «Как на речке было на Фонтанке», які адбыўся ў лістападзе мінулага году ў Санкт-Пецярбургу. Аднаразовую стыпэндыю ў памеры каля 400 рублёў Патрыцыі выплацілі яшчэ на пачатку лета, а дыплёмы стыпэндыятам уручалі на гэтым тыдні. Раней цырымонія праходзіла ў Палацы Рэспублікі з удзелам кіраўніка краіны.

«На радзе ўнівэрсытэту былі выканаўца абавязкаў рэктара, усе прарэктары, дэканы, прафэсарскі склад унівэрсытэту, — гаворыць Патрыцыя. — Ва ўнівэрсытэце мяне шмат хто ведае, бо я актыўная студэнтка. Мой выступ быў нечаканы для іх, усе апусьцілі вочы, атмасфэра стала напружанай. Я разумела, што ня ўсім падабаецца тое, што я кажу, асабліва рэктарату і дэканату. Я пайшла да дэкана, напісала заяву на адмову ад стыпэндыі і гэтыя грошы буду вяртаць».

19-гадовая Патрыцыя Сьвіціна зьяўляецца студэнткай трэцяга курсу катэдры этналёгіі і фальклёру. Калі яна даведалася пра ўручэньне 22 верасьня дыплёму прэзыдэнцкай стыпэндыі, яна ўжо вырашыла, што ня хоча гэтай узнагароды, зыходзячы са сваіх маральных прынцыпаў.

Патрыцыя Сьвіціна
Патрыцыя Сьвіціна

«Магчыма, у нейкі іншы час я яе і прыняла б, як гэта было, калі я вучылася ў школе. Але цяпер мне баліць тое, што адбываецца ў Беларусі, і самае жудаснае — гэта гвалт над народам. І таму ад уладаў не хачу прымаць ніякіх узнагарод, — кажа Патрыцыя. — Як чалавек, які займаецца фальклёрам, вывучае народ, яго традыцыі, не магу спакойна рэагаваць на тое, як народ проста зьнішчаюць; штодня адбываецца гвалт над людзьмі, якія мірна выказваюць сваю пазыцыю. Людзей калечаць, б’юць, яны ляжаць у шпіталях пасьля затрыманьняў. Гэта ненармальна. Улады лічаць, што законы існуюць для грамадзянаў, але не для іх».

«Я вельмі хвалююся, каб мой учынак ня стаў нагодай для закрыцьця катэдры»

Патрыцыя не чакала, што яе ўчынак будзе мець шырокі рэзананс; ёй пішуць словы падзякі і падтрымкі знаёмыя і незнаёмыя людзі ў сацсетках і мэсэнджарах.

«Я гэта рабіла, вядома, не дзеля гэтага, — гаворыць дзяўчына. — Мае знаёмыя ведаюць маю пазыцыю, стаўленьне да падзей у краіне, таму яны ня вельмі зьдзівіліся. Маці мяне падтрымлівае. Некаторыя выкладчыкі сказалі мне, што я зрабіла правільна. Мяне выклікалі да дэкана, і ён папрасіў мяне паводзіць сябе добра, маўляў, каб я давучылася без прыгодаў. Рэакцыі рэктарату пакуль няма».

Яшчэ адно пытаньне, якое хвалюе Патрыцыю, — ці дазволяць зрабіць набор у наступным годзе на катэдру этналёгіі і фальклёру.

«Катэдра маленькая, але займаецца вельмі важнай справай, і я вельмі хвалююся, каб мой учынак ня стаў нагодай для яе закрыцьця», — кажа яна.

Патрыцыя ўдзельнічае ў акцыях пратэсту пасьля выбараў, бо цяпер «адбываюцца гістарычныя падзеі і кожны, хто любіць сваю краіну і народ, не павінен заставацца абыякавым».

У Патрыцыі ёсьць свой этнапраект, але цяперашнія падзеі ў краіне паўплывалі на творчыя пляны: складана зьбірацца на рэпэтыцыі, бо адзін зь яе музыкаў трапіў пад перасьлед, яго арыштоўвалі пасьля пратэстаў у жніўні.

«Будзе цікавы матэрыял таксама на тэму, якую цяпер хвалюе Беларусь, — гаворыць сьпявачка. — Творчасьць ня можа быць убаку ад таго, што адбываецца навокал».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG