Былая кандыдатка ў прэзыдэнта пракамэнтавала тайную інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі. Адпаведную заяву Сьвятлана Ціханоўская распаўсюдзіла праз свой тэлеграм-канал.
«Мы ўсе разумеем, што адбываецца. Гэтая спроба прызнаць сябе легітымным прывяла толькі да таго, што папярэднія паўнамоцтвы скончаныя, а новага мандату народ яму ня выдаў. Гэтая так званая інаўгурацыя, вядома, фарс. На самой справе сёньня Лукашэнка проста пайшоў на пэнсію», — напісала была кандыдатка.
Паводле Ціханоўскай, загады Лукашэнкі сілавым структурам «больш не легітымныя і не павінны выконвацца».
«Я, Сьвятлана Ціханоўская, зьяўляюся адзіным лідэрам, выбраным беларускім народам. І наша задача цяпер — разам пабудаваць новую Беларусь», — заявіла былая кандыдатка ў прэзыдэнты.
Яна нагадала, што два дні таму наведала Брусэль і пачула ад прадстаўнікоў краін Эўропы, што яны «падтрымліваюць беларускі народ у патрабаваньні спыніць гвалт, вызваліць палітвязьняў і правесьці новыя выбары». Паводле Ціханоўскай, ЭЗ гатовы аказаць рэальную дапамогу Беларусі пасьля перамогі дэмакратыі.
Сёньня ў Палацы Незалежнасьці прайшла інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта пастфактум паведамілі дзяржаўныя СМІ. Упершыню ў гісторыю незалежнай Беларусі гэта адбылося таемна, ніхто не абвяшчаў даты, а сам працэс не трансьляваўся на БТ.