Таемная інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі суправаджалася затрыманьнямі актывістаў і журналістаў, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Менск
- 23 верасьня каля Палацу незалежнасьці, дзе прайшла нечаканая інаўгурацыя Лукашэнкі, былі затрыманыя найменей два чалавекі. Адна зь іх — жыхарка Менску Тацяна Джавадава, якая трымала плякат з надпісам: «Саша, забяры працоўную!» Другі затрыманы ля палаца — Раман Булойчык. Абодва дагэтуль знаходзяцца ў Цэнтральным РУУС Менску.
- Там жа затрымалі журналіста ТАСС Арцёма Папова. Яго даставілі ў Цэнтральны РУУС Менску і адпусьцілі пасьля трох гадзін «праверкі».
- Паведамляецца пра затрыманьне Ірыны Кур'ян. Магчыма, яна таксама затрыманая каля Палацу Незалежнасьці.
Таксама затрыманыя і дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС:
- Разумоўскі Канстанцін (выпусьцілі з РУУС);
- Астроўскі Павал (выпусьцілі);
- Сімалацар Яўген (пакінулі ў Цэнтральным РУУС).
Магілёў
- У Магілёве супрацоўнікі міліцыі затрымалі галоўнага рэдактара сайту 6tv.by Дзьмітрыя Салаўёва. Прычына пакуль невядомая.
- Раніцай супрацоўнікі міліцыі прыйшлі дадому да сябра рады «Зялёнай сеткі» Леаніда Платоненкі. Праваабаронца Барыс Бухель паведаміў TUT.BY, што едзе з экаактывістам у РАУС, Ленаніда Платоненку падазраюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. У гэтым жа абвінавачваюць і Салаўёва, піша «Зялёны партал».
- Таксама ў Магілёве затрымалі журналіста рэгіянальнага інфармацыйнага сайту «Магілёўскі рэгіён» Алеся Сабалеўскага. Яго забралі наўпрост з кватэры. Дзесьці ў 11.30 ён пасьпеў патэлефанаваць калегам і паведаміць пра візыт праваахоўнікаў. Куды яго павезьлі, невядома, меркавана ў Ленінскі РАУС, паведамляе БАЖ.
- Магілёўскага журналіста-фрылансэра Аляксандра Сідарэўскага выклікалі ў Ленінскі РАУС паводле арт. 23.34 КаАП — за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Сёньня раніцай трое ў цывільным чакалі маці журналіста ў пад’езьдзе. Калі яна выйшла з кватэры, сілавікі абступілі яе з усіх бакоў і прымусілі ўзяць позву для сына. Самога журналіста на днях затрымлівалі і ўручалі позву ў РАУС паводле арт. 22.9 КаАП за супрацу з тэлеканалам «Белсат».
Віцебск
- У Віцебску падчас відэаапытанкі жыхароў гораду затрымалі журналіста Віталя Скрыля і апэратара. Падышоў супрацоўнік аддзелу міліцыі Кастрычніцкага раёну і паведаміў, што Скрыля «шукаюць». Як аказалася, у дачыненьні журналіста распачатыя адразу тры адміністрацыйныя справы — за ўдзел у вулічных акцыях 6, 13 і 20 верасьня.
- Віцебская міліцыя таксама шукае незалежных журналістаў Алену Сьцяпанаву і Вячаслава Лазарава. Якія абвінавачаньні ім выстаўленыя, не паведамляецца.