Беларускі МЗС не адказаў на ноту амбасадара Ўкраіны Ігара Кізіма, які абвінаваціў беларускі бок у парушэньні Венскай канвэнцыі.
Пра гэта паведаміў МЗС Украіны, адказваючы на запыт украінскай службы Свабоды.
Падставай для ноты стала праверка на беларускай мяжы аўтамабіля Кізіма, які 11 верасьня вяртаўся з Кіева ў Менск.
«Украіна пакідае за сабой права дзейнічаць на падставе ўзаемнасьці ў сувязі з гэтым інцыдэнтам», — адзначыў МЗС Украіны.
Венская канвэнцыя аб дыпляматычных зносінах прадугледжвае недатыкальнасьць маёмасьці і транспарту дыпляматаў.