Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Разумее, што надышоў фінал рэжыму Лукашэнкі». Што вядома пра чыноўніка, які ўладкаваўся ў адміністрацыю Ялты


Міхаіл Загорцаў
Міхаіл Загорцаў

Шматгадовы кіраўнік Смалявіцкага райвыканкаму Міхаіла Загорцаў, які падтрымаў пратэсты ў Беларусі і асудзіў гвалтоўныя дзеяньні сілавікоў, стаў намесьнікам кіраўніка гарадзкой адміністрацыі Ялты ў анэксаваным Расеяй Крыме. Свабода пагутарыла з палітыкам Віктарам Карніенкам, які знаёмы з Загорцавым некалькі дзесяцігодзьдзяў.

Аб прызначэньні былога беларускага чыноўніка Міхаіла Загорцава на кіроўную пасаду ў гарадзкой адміністрацыі Ялты стала вядома 21 верасьня з паведамленьня аддзелу інфармацыйнай палітыкі. Tut.by 22 верасьня апублікаваў відэа, дзе былы кіраўнік Смалявіцкага райвыканкаму Міхаіл Загорцаў асуджае гвалт сілавікоў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Апазыцыйны палітык Віктар Карніенка знаёмы зь Міхаілам Загорцавым 30 гадоў. Разам пачыналі свае кар’еры з Гомля. Загорцаў ад 1989 да 1992 году выконваў абавязкі намесьніка старшыні Навабеліцкага райвыканкаму ды быў намесьнікам старшыні райсавету Гомля. Карніенка займаў пасаду намесьніка Гомельскага гарсавету, у 31 год стаў дэпутатам Вярхоўнага савету Савецкага Саюзу.

Віктар Карніенка
Віктар Карніенка

Паводле Карніенкі, Загорцаў на пачатку 1990-х быў «намэнклятурнікам з прагрэсіўнымі поглядамі». На прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году падтрымліваў Генадзя Карпенку (тагачасны кіраўнік Маладэчна выстаўляў сваю кандыдатуру на выбарах, але не атрымаў падтрымкі ў сваёй партыі. — РС).

«Ён быў адданы пасадзе. Гэта быў ня самы горшы намэнклятурнік з тых, што былі пры ўладзе», — адзначае Віктар Карніенка.

На ягоны погляд, пераезд у акупаваны Расеяй Крым пацьвярджае, што Загорцаў застаўся «кар’ерным каньюнктурнікам».

«Ён адчуў, што ў Беларусі яму больш нічога не сьвяціла», — кажа Віктар Карніенка. Разам з тым, дадае ён, Загорцаў па-чалавечы перажывае, што адбылося ў Беларусі пасьля выбараў, таму адважыўся асудзіць гэта.

«Ён разумее, што надышоў фінал рэжыму Лукашэнкі, — кажа суразмоўца. — Яму больш няма куды падзецца, але ў агоніі шмат чаго можа яшчэ адбыцца кепскага, таму Загорцаў заклікае былых калегаў адумацца».

У Ялце Загорцаў будзе куратарам дзейнасьці тэрытарыяльных органаў, сфэры жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і грамадзкага транспарту. З 2011 па сакавік 2020 году Загорцаў займаў пасаду старшыні Смалявіцкага райвыканкаму. Дагэтуль быў старшынём Бабруйскага гарсавету дэпутатаў, займаў іншыя адміністрацыйныя пасады ў Бабруйску, Гомлі.

Адным зь першым адрэагаваў на прызначэньне былога беларускага чыноўніка на пасаду ў Ялцінскай адміністрацыі старшыня Мэджлісу крымскататарскага народу Рэфат Чубараў.

На сваёй старонцы ў Facebook ён назваў Загорцава «прыхаднем, які зьявіўся на часова акупаванай РФ крымскай зямлі», і адзначыў, што «згодна зь дзейным заканадаўствам Украіны, супраць наваяўленага каляніста-беларуса будзе распачатая крымінальная справа. Параіў яму «не сьпяшацца з абжываньнем у захопленым Крыме, бо неўзабаве давядзецца адтуль уцякаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG