Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Латыпава: «У чалавека, які прафэсійна займаецца зьнішчэньнем баршчэўніку, знайшлі хімрэактывы. Проста сьмешна!»


Сьцяпан Латыпаў
Сьцяпан Латыпаў

У суботу дзяржаўныя тэлеканалы паведамілі, што Сьцяпан Латыпаў, жыхар знакамітага менскага двара, дзе на трансфарматарнай будцы мурал з «дыджэямі перамен», меў намер выкарыстоўваць атрутныя рэчывы супраць міліцыі. Свабода разьбіралася, наколькі гэта магчыма.

Сьцяпана Латыпава затрымалі 15 верасьня ў ягоным двары на Сморгаўскім тракце, 1. Узламалі дзьверы ў кватэру, учынілі ператрус, забралі флэш-карты, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, ключы ад аўтамабіля, банкаўскія карткі і наяўныя грошы. Абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і зьмясьцілі на Акрэсьціна.

19 верасьня невядомы апэратыўны супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй паведаміў у тэлеэфіры, што «з дапамогай спэцыяльных тэхнічных сродкаў зафіксаваны зьвесткі аб намерах фігуранта прымяніць прэпараты першай клясы небясьпекі, якія зьмяшчаюць яд дыфасфін, супраць міліцыі і іншых асобаў.... У прыватнасьці, выношваў пляны апрацаваць атрутнымі рэчывамі іх зямельныя ўчасткі і лецішчы, разьвеяць гэтыя рэчывы паблізу баявых парадкаў АМАПу і ўнутраных войскаў падчас пратэставых акцый».

Нібыта гэта вынікае з тэлефоннай размовы Латыпава зь сябрам, паведаміў зьмененым голасам апэратыўны супрацоўнік. У тэлеэфіры паказалі і карцінку: каністры з хімрэактывамі, бітоны зь нейкай вадкасьцю. Паказалі і Сьцяпана Латыпава, які сказаў літаральна дзьве фразы, што ён у прыгнечаным стане і што будзе супрацоўнічаць са сьледзтвам.

Латыпава дапытвалі без адвакатаў

Адвакаты Сьцяпана Латыпава Кацярына Жаўтанова і Ільля Пярхальскі — пад падпіскай аб невыдаваньні. Раней яны казалі, што іхны падабаронны арыштаваны паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя масавых беспарадкаў». Пра даручэньне Сьледчага камітэту правесьці ператрусы на складах і ў транспарце прадпрыемства Латыпава даведаліся з БТ. Відэа пісалася бязь іх. Адвакатаў турбуе Сьцяпанава прызнаньне, што стан у яго прыгнечаны. У панядзелак адвакаты наведаюць свайго падабароннага.

Зьнішчаў баршчэўнік і няпарнага шаўкапрада, лячыў дрэвы
У тым, што на складзе прадпрыемства Латыпава знаходзяцца хімічныя рэактывы, няма нічога дзіўнага, бо ён мае рэдкую для Беларусі прафэсію арбарыста, а таксама займаецца зьнішчэньнем баршчэўніку і шкодных вусеняў няпарнага шаўкапрада.

Спачатку Сьцяпан Латыпаў вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце. 16 гадоў таму паехаў на стажыроўку у Вялікую Брытанію, дзе прайшоў прафэсійную падрыхтоўку ў арбарыстыцы. У Эўропе арбарыстаў называюць яшчэ «дрэўнымі хірургамі», яны ратуюць дрэвы. Мае сэртыфікат IRATA (для тых, хто выконвае работы на вышыні). Ён прамысловы альпініст 5-га разраду.

У Беларусі Латыпаў зарэгістраваў сваё ІП «БелАрба». Летась ён выйграў тэндэр на апрацоўку баршчэўніку ў Менскім раёне. Даводзілася зьнішчаць і няпарнага шаўкапрада — небясьпечнага вусеня, які шкодзіць пладовым і лясным дрэвам. Пра гэта пісалі СМІ.

А робіцца гэта з дапамогай ядахімікатаў, гербіцыдаў, расказаў калега Сьцяпана, які ў мэтах бясьпекі не пажадаў называць свайго імя.

«Я некалькі разоў перагледзеў сюжэт на сайце БТ. Паказвалі каністры з рэактывамі, бітоны. Чамусьці некалькі разоў буйным плянам засяродзілі ўвагу на каністру з гіпахлярытам натрыю. Але гэта цалкам бясьпечны рэагент, які цяпер выкарыстоўваецца замест хлёркі для абеззаражваньня вады, прымяняецца для дэзынфэкцыі. Сінія каністры падобныя да гербіцыду руандапу, які выкарыстоўваецца для зьнішчэньня баршчэўніку.

Прабачце за параўнаньне, але дзяржаўныя каналы так прымітыўна працуюць: калі хацелі скампрамэтаваць банкіра Віктара Бабарыку, у банку знайшлі грошы. А ў чалавека, які прафэсійна займаецца зьнішчэньнем баршчэўніку, знайшлі хімрэактывы. Проста сьмешна!» — кажа калега Латыпава.

«Ня думаю, што ў хатніх умовах можна расфасаваць дыфасфін у балёнчыкі»

Навуковы супрацоўнік Інстытуту фізыка-арганічнай хіміі Дзьмітры Цаўкоўскі патлумачыў, што гіпахлярыт натрыю — цалкам бясьпечны прэпарат, усе хімічныя даведнікі пішуць, што бясьпека гіпахлярыту натрыю для чалавека дакумэнтальна пацьверджана дасьледаваньнямі таксыкалягічных цэнтраў Паўночнай Амэрыкі і Эўропы; рэчыва ў працоўных канцэнтрацыях не нясе сур’ёзных наступстваў для здароўя нават пасьля ненаўмыснага праглынаньня або кантакту рэчыва са скурай.

«І трэба ж браць пад увагу, што ягоныя растворы маюць моцны рэзкі пах хлёру», — кажа Дзьмітры.

Што да дыфасфіну, то гэта вадкасьць, але на паветры яна самавольна загараецца.

«Стабілізаваць дыфасфін у водных растворах, напэўна, немагчыма. Але ў выніку ўзаемадзеяньня з арганічнымі рэчывамі атрымліваюцца фосфарарганічныя злучэньні. Яны часта вельмі таксічныя.

Ня думаю, што ў хатніх умовах можна расфасаваць дыфасфін у балёнчыкі (ці нешта іншае), з каторых можна распыляць гэтую вадкасьць», — тлумачыць хімік.

У нядзелю суседзі Сьцяпана Латыпава, якога цяпер утрымліваюць на Акрэсьціна, запісалі кранальнае відэа ў ягоную падтрымку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG