Расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны напісаў першы пасьля атручэньня пост у фэйсбуку.
«Давайце раскажу, як ідзе маё аднаўленьне. Гэта ўжо ясная дарога, хоць і няблізкая. Усе пабежныя праблемы накшталт таго, што тэлефон у маіх руках бескарысны, як камень, а наліць сабе вадзічкі ператвараецца ў цэлы атракцыён, — проста дробязь.
Растлумачу. Зусім нядаўна я не пазнаваў людзей і не разумеў, як размаўляць...»
Навальны піша, што шмат праблемаў яшчэ трэба будзе вырашыць, але цудоўныя лекары унівэрсытэцкай бэрлінскай клінікі «Шарытэ» вырашылі галоўную:
«Яны ператварылі мяне з „тэхнічна жывога чалавека“ ў таго, хто мае ўсе шанцы зноў стаць Найвышэйшай Формай Істоты Сучаснага Грамадзтва — чалавекам, які ўмее хутка гартаць інстаграм і без разважаньняў разумее, дзе ставіць лайкі».
Чатыры дні таму Навальны зьмясьціў свой першы пасьля атручэньня допіс у інстаграм, дзе паведаміў, што «ўсё яшчэ амаль нічога ня ўмее, але вось учора змог цэлы дзень дыхаць сам».
У нямецкай клініцы Навальны з 22 жніўня. Яму стала дрэнна за два дні да гэтага — 20 жніўня ў самалёце падчас палёту з Томску ў Маскву. Паводле паплечнікаў, Навальнага, хутчэй за ўсё, атруцілі таксінам, які маглі падмяшаць у гарбату.
У Расеі заявілі, што ніякіх ядаў у арганізьме апазыцыянэра не знайшлі.
2 верасьня афіцыйны прадстаўнік ураду ФРГ Штэфан Зайбэрт заявіў, што ў арганізьме Навальнага знайшлі сьляды хімічнага атрутнага рэчыва з групы «Навічок», а канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель запатрабавала ад Расеі тлумачэньняў. Расейскія ўлады катэгарычна адмаўляюць дачыненьне да атручэньня апазыцыйнага палітыка.