Мужчыну, які 18 верасьня зьдзейсьніў спробу самаспаленьня на ганку Смалявіцкага РАУС, даставілі ў бальніцу, паведаміла БелаПАН прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.
«Пацыент знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане. Яму надаюць усю магчымую дапамогу», — адзначыла яна.
Падрабязнасьці таго, што здарылася, і асобу мужчыны ў Міністэрстве аховы здароўя не паведамляюць, спаслаўшыся на забарону сваякоў пацярпелага.
Прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава паведаміла, што мужчына, які спрабаваў падпаліць сябе, — 36-гадовы мясцовы жыхар, які «неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за расьпіцьцё спіртовых напояў, таксама выказваўся пра спробы суіцыду».
«Некалькі дзён таму мужчына званіў у міліцыю з паведамленьнем, што ён на могілках зводзіць рахункі з жыцьцём. Праваахоўнікі выехалі туды і перадухілілі яго дзеяньні», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-сакратаркі МУС.
Таксама МУС апублікавала відэа здарэньня.
Сьледчы камітэт у сваю чаргу сьцьвярджае, што мужчына нібыта праходзіў лячэньне ў сувязі са схільнасьцю да суіцыду яшчэ ў 2016 годзе (у паведамленьні МУС пра гэта ня згадваецца).
Як стала вядома Свабодзе, мужчына, які падпаліў сябе каля Смалявіцкага РУУС, апошні час жыў у доме маці ў вёсцы Задомля. Гэта звычайны вясковы дом, не закінуты, але і не катэдж. Поруч яшчэ два такія ж дамы, відаць, іх будавалі цэнтралізавана.
Сястра мужчыны Алена паведаміла, што «гэта ўсе праз алькаголь». Ад іншых камэнтароў жанчына адмовілася. На момант прыезду журналістаў, у доме працавала міліцыя.
Каля паўгадзіны таму ў тэлеграм-каналах зьявілася відэа, на якім у Смалявічах ля ўваходу ў будынак мясцовага РАУС мужчына зьдзейсьніў самаспаленьне. У камэнтарах пішуць, што зрабіў ён гэта на знак пратэсту супраць дзеяньняў сілавікоў.
Пакуль невядомыя прычыны, якая падштурхнулі яго на такі крок.
У Смалявіцкім РАУС Свабодзе адмовіліся пацьвердзіць або абвергнуць гэтыя зьвесткі, накіраваўшы ў прэс-службу МУС.
Прэсавая сакратарка МУС Вольга Чамаданава спачатку таксама адмовілася нешта сказаць, заявіўшы Свабодзе, што «інфармацыя зьявіцца ў тэлеграм-канале», калі ў ведамстве палічаць гэта патрэбным. Тэлеграм-канал Nexta апублікаваў відэа інцыдэнту.