17 верасьня ў «Менск-Арэне» адбыўся жаночы форум, на якім у ліку выбраных прамоўцаў выступілі і беларускія артысты. Далей здарыўся скандал.
Tut.by спасылаецца на абураны пост, які выклала ў сваім Instagram сьпявачка Стэфанія Сакалова.
«Я адмовілася сьпяваць на канцэрце. І раптам на відэа — невядомая дзяўчынка, якая адкрывае рот пад мой вакал! Ніхто нават не запытаўся дазволу, мы проста ўбачылі запіс! Як гэта магчыма? Хто гэтая дзяўчынка? А як жа парушэньне аўтарскіх правоў?»
Хто тая дзяўчынка, якая толькі адкрывала рот пад фанаграму, зь відэа зразумець цяжка: вядоўца яе не абвяшчаў, таксама імя няма ў тытрах.
Сама Стэфанія выконвала гэтую ж песьню падчас афіцыйных імпрэзаў на Дзень Рэспублікі 3 ліпеня.
Стэфанія Сакалова — фіналістка шоу «Голас. Дзеці», ляўрэатка міжнародных вакальных конкурсаў і прэміі прэзыдэнта.