Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэндап-комік Павел Залуцкі: «У Беларусі пра мой камінг-аўт абвяшчаў бы Лукашэнка»


Беларускі стэндап-комік Павел Залуцкі
Беларускі стэндап-комік Павел Залуцкі

Беларускі стэндап-комік Павел Залуцкі стаў вядомы пасьля свайго ўдзелу ў перадачах «Адкрыты мікрафон» і «Жаночы стэндап» на расейскім тэлеканале ТНТ. Залуцкі — адкрыты гей, і тэма яго выступаў — жыцьцё сучаснага грамадзтва вачыма гея. Цяпер, у дні пратэстаў у Беларусі, Павел Залуцкі і іншыя стэндап-комікі арганізуюць у Расеі дабрачынныя канцэрты, збор ад якіх ідзе на падтрымку пацярпелых ад дзеяньняў беларускіх уладаў.

У інтэрвію Радыё Свабода Павел Залуцкі расказвае, хто ўдзельнічае ў дабрачынных акцыях, чаму ён падтрымлівае пратэстоўцаў у Беларусі і ці павінна, на яго погляд, беларуская ЛГБТ-супольнасьць заяўляць пра свае праблемы падчас пратэстаў. Зь ім гаварыў супрацоўнік Расейскай службы Радыё Свабода Андрэй Шараградзкі.

— Як я заўважыў, сярод вядомых стэндап-комікаў, якія рэгулярна выступаюць у Расеі, нямала беларусаў: вы, Слава Камісаранка, Іван Усовіч, Ірына Прыходзька... Менавіта беларускія комікі сталі ініцыятарамі дабрачынных канцэртаў на карысьць пратэстоўцаў у Беларусі?

— У гэтых акцый няма нейкіх лідэраў, як і ў беларускіх пратэстаў. Усе мае калегі — і беларускія, і расейскія — вельмі перажываюць за Беларусь. Гэта такі агульны калектыўны парыў. Мы знаходзім розныя пляцоўкі, якія нам абсалютна бясплатна даюць самыя розныя клюбы і бары. Мы запрашаем выступаць і беларускіх комікаў, і вельмі многія расейскія калегі таксама нас падтрымліваюць. Вы ўжо пералічылі некалькіх вядомых стэндап-комікаў зь Беларусі. Да іх яшчэ можна дадаць Андрэя Калмачэўскага, Андрэя Шумілава, Ідрака Мірзалізадэ, Віталя Каламійца. З намі выступаюць расейскія комікі — Дзяніс Чужой, Аляксандар Далгаполаў, Андрэй Атлас, Гарык Аганэсян, Аляксандар Нязлобін, Сяргей Арлоў. Ну, і яшчэ раз падкрэсьлю падтрымку стэндап-клюбаў Масквы — Стэндап-Клюб № 1, Standup Store Moscow. Дзякуючы ім мы гэта ўсё можам рабіць.

— Гэта нейкія тэматычныя канцэрты, прысьвечаныя сытуацыі ў Беларусі? Ці вы проста вырашылі аддаваць на дабрачынныя мэты частку сваёй выручкі? Дарэчы, каму канкрэтна вы дапамагаеце?

— Мы сто працэнтаў выручкi пералічваем. Пляцоўкі нам даюць бясплатна, і ўсе комікі ў нас таксама бясплатна выступаюць. На гэты момант мы сабралі дзесьці 450 тысяч [расейскіх] рублёў і пералічылі іх у фонд салідарнасьці, які дапамагае страйкоўцам і тым, каго звольнілі за падтрымку пратэстаў.

— Стэндап-комікі вельмі розныя, але выходзіць, што яны вырашылі адзіным фронтам падтрымаць тых, хто цяпер патрабуе зьмены рэжыму ў Беларусі?

— Так! Ні ў кога няма праблем з тым, каб бясплатна выступіць. Многія самі прапануюць свае паслугі. А калі мы да іх зьвяртаемся, з задавальненьнем нас падтрымліваюць. Прычым як малавядомыя людзі, так і вельмі вядомыя. Тут камэрцыйны статус не перашкода.

— А што галоўнае для іх? Каб пратэстоўцы дамагліся сваёй мэты, таго, каб былі прызнаныя рэальныя вынікі выбараў, Лукашэнка сышоў? Ці, можа, гэта ўсё ж у большай ступені пратэст супраць таго гвалту, які меў месца ў першыя дні пасьля выбараў 9 жніўня?

— Мне, вядома, складана казаць за ўсіх. Але я думаю, што наўрад ці ёсьць сярод нас тыя, хто бярэ ўдзел у гэтых канцэртах і пры гэтым падтрымлівае Лукашэнку і хоча, каб ён застаўся пры ўладзе.

— Вы адкрыты гей, напэўна, адзіны на расейскай тэлевізіі. І вашы самаіранічныя, на першы погляд, выступы высьмейваюць гамафобію ў самых розных аспэктах. Вы нядаўна пажартавалі, што вы «ўчынілі камінг-аўт у Расеі, таму што ў Беларусі Лукашэнка ў тэлевізары 24 гадзіны 7 дзён на тыдзень. І калі б прыйшлося рабіць камінг-аўт у Беларусі, то тады давялося б самому Лукашэнку абвяшчаць, што вось, маўляў, запушчаны новы трактар, а Павел Залуцкі — гей». Прагучала вельмі дакладна, улічваючы, што сам Лукашэнка прызнаў, што цяпер яго «паказваюць з кожнага праса і чайніка». Як сфармавалася ваша стаўленьне да таго, што адбываецца цяпер?

— Яшчэ калі я вучыўся ў дзясятай клясе ліцэю БДУ, калі ў Лукашэнкі быў нейкі адказны выступ, яго паказвалі адразу па ўсіх каналах. А тады яшчэ быў такі час, калі людзі былі больш залежныя ад тэлевізара, інтэрнэту не было. І калі паказвалі па ўсіх каналах Лукашэнку, то гэта значыла, што мы не маглі паглядзець ні любімыя перадачы, ні фільмы — нічога наогул. Я памятаю, што мы былі вельмі гэтым абураныя. Я напісаў тады ў «Белорусскую деловую газету», якая тады заставалася адзіным незалежным выданьнем, свой пратэст, які апублікавалі са сьмешным подпісам: «Павел Залуцкі, 14 гадоў». У 1999 годзе я разам зь сям’ёй хадзіў на Марш Свабоды. Я тады быў на першым курсе ўнівэрсытэту. Мы шчасьліва ўцяклі ўсёй сям’ёй ад АМАПу. Іншым маім аднакурсьнікам пашанцавала менш. На нашым курсе выключалі з унівэрсытэту.

На другім курсе (я вучыўся на факультэце міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту) быў такі эпізод. У нас быў выкладчык прадмету «Палітычныя партыі», які выйшаў і пачаў гаварыць пра тое, што насамрэч ніякіх партый у Беларусі няма, у нас ёсьць толькі адзін чалавек, якога можна паважаць, — Аляксандар Лукашэнка, а ўсе астатнія — гэта «дзярмо сабачае». Я памятаю, як я падняў руку, устаў і сказаў яму, што «вы прыйшлі нас вучыць прадмету „Палітычныя партыі“, таму, калі ласка, аб’ектыўна расказвайце пра тыя партыі, якія ў нас ёсьць і былі». Потым я вельмі доўга хадзіў да яго на пераздачу. Маё стаўленьне да ўсяго гэтага сфармавалася даўно.

— Вы хочаце зьмены рэжыму Лукашэнкі, бо Лукашэнка надакучыў ці ён нешта робіць ня так? Або гаворка ідзе пра грамадзянскія свабоды, у першую чаргу?

— Я 11 гадоў жыў у Амэрыцы. Там значная частка маёй асобы сфармавалася. Таксама мая асоба фармавалася на пачатку 1990-х гадоў, калі быў распад Савецкага Саюзу, калі была базавая дэмакратыя ў Беларусі. Таму мне дзіўна, калі ўлада так доўга не мяняецца, якая б яна ні была. Пасьля 26 гадоў ва ўладзе людзі павінны зьмяняцца. Пасьля 26 гадоў нават самую добрую машыну мяняюць. Пасьля 26 гадоў людзі пераклейваюць нават самыя прыгожыя шпалеры. Улада павінна мяняцца.

Што да грамадзянскіх правоў. Вядома, іх недахоп заўсёды ў Беларусі востра адчуваўся. Ніякімі прыгожымі санаторыямі і смачнай малочкай немагчыма абстрагавацца ад таго факту, што ты адчуваеш сябе безабаронным перад гэтай сыстэмай. У любым выпадку, як бы я ні ставіўся да Лукашэнкі і да яго ўлады, я лічу, што народ прагаласаваў супраць яго. Адназначна супраць. Таму згодна з заканадаўствам ён мусіць сысьці. Тут справа нават ня ў нейкім маім асабістым стаўленьні. Супраць Лукашэнкі выказалася большасьць беларусаў. Я за тое, каб закон працаваў. Калі былі выбары, то наступным прэзыдэнтам павінен быць той чалавек, якога абралі, — Сьвятлана Ціханоўская.

— Тэму гамафобіі ў Беларусі вы таксама закраналі ў адным з сваіх стэндапаў. Вы казалі, што ў «маленькім горадзе ў Беларусі адкрыўся гей-клюб, які квітнее, таму што ён заўсёды повен мужыкоў, гатовых набіць морду гею, калі ён туды раптам прыйдзе». Наколькі гамафобнае сучаснае беларускае грамадзтва? Пра яго вельмі часта кажуць як пра вельмі патрыярхальнае. Ці зьвязваеце вы нейкія надзеі з магчымай зьменай улады ў Беларусі?

— Я лічу, што грамадзтва менш гамафобнае, чым яго малююць. Пасьля таго як я адкрыта прызнаўся ў сваёй сэксуальнай арыентацыі ў праграме «Адкрыты мікрафон» у 2017 годзе, я не адчуваў ніякіх праблем ва ўзаемадзеяньні з грамадзтвам. Я быў гатовы да самага дрэннага, нават купіў сабе асабісты аўтамабіль, але ён зусім не спатрэбіўся. Я стаў вельмі вядомай асобай, але куды б я ні прыйшоў, дзе б мяне ні пазнавалі, я атрымліваў ад людзей толькі падтрымку. Але пры гэтым трэба ўлічваць, што мой досьвед унікальны, таму што я гэтую тэму падаў праз гумар. А гумар — гэта калясальная зброя, якая абяззбройвае людзей. Калі б я выйшаў зь нейкімі пратэстамі і патрабаваньнямі, то, магчыма, рэакцыя людзей была б зусім іншая. Гэта першае.

Другі момант. Усё вышэйсказанае, вядома ж, не адмяняе ўсіх праблем, якія ёсьць з правамі ЛГБТ у Беларусі. Ці зьвязваю я нейкія надзеі са зьменамі ў краіне? Я не забягаю так далёка наперад. Мне здаецца, падымаць пытаньні ЛГБТ у новай Беларусі — гэта рэальнае забяганьне наперад. Спачатку трэба дамагчыся, каб ушанавалі голас народу, а ўжо потым можна думаць пра нейкія іншыя рэчы.

Калі вы пытаеце, як ЛГБТ-супольнасьць Беларусі ставіцца да пратэставага руху, то на гэтае пытаньне можна адказаць так: сапраўды гэтак жа, як і любы грамадзянін Беларусі. ЛГБТ-супольнасьць — гэта такія самыя людзі, як і ўсе іншыя, каго абурае тое, што адбываецца. Іх сапраўды гэтак жа абурае гвалт, зьбіцьцё людзей, тое, што іх трымаюць у СІЗА на Акрэсьціна так доўга і ў такіх жудасных умовах. Што людзі без апазнавальных знакаў бегаюць, выхопліваюць, выкрадаюць людзей. Тут ніякай асаблівай пазыцыі ў ЛГБТ-супольнасьці ня можа быць. Тут, хутчэй, дарэчнае пытаньне — а што ты думаеш як чалавек, як беларус пра гэта? Сэксуальная арыентацыя ніяк ня можа абумоўліваць нейкую асаблівую рэакцыю на падзеі.

Чытаць гутарку цалкам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG