У судзе Фрунзенскага раёну Менску праходзяць адміністрацыйныя працэсы над фотакарэспандэнтамі Аляксандрам Васюковічам і Ўладзем Грыдзіным. Іх вінавацяць у парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
Карэспандэнт Свабоды сочыць за працэсам Грыдзіна, прадстаўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў — за судом над Васюковічам.
16.23 Справу Васюковіча вярнулі на дапрацоўку. Таксама незразумела, ці вызваляць яго.
15.56 Справу Грыдзіна накіравалі на выпраўленьне недахопаў у РУУС. Пакуль не зразумела, ці застанецца журналіст пад вартай.
15.33 Аднавіўся працэс над Васюковічам. Дапытваюць сьведку з боку абароны Жанну Насуту. Яна была ў бары «1067». Журналісты ціха працавалі за кампутарамі. Ні ў бары, ні на вуліцы нічога не адбывалася. У раёне 21:20 у бар забеглі АМАПаўцы і затрымалі журналістаў. «Мы спалохаліся, што будуць затрымліваць усіх. Але затрымалі толькі журналістаў».
15.15 Справу Ягора Калягіна, якога затрымалі разам з Васюковічам і Грыдзіным, накіравалі на дапрацоўку.
14.14 Адвакат Уладзя Грыдзіна Сяргей Зікрацкі дэманструе судзьдзі Марыі Ярохінай фота і відэазапісы з бару «1067», дзе адбылося затрыманьне. На іх бачна, што фотакарэспандэнты знаходзіліся ў бары, апрацоўвалі фота, рабілі замовы. Таксама ў судзе глядзелі відэа аднаго з наведнікаў бару, на якім відаць момант затрыманьня фатографаў. Акрамя гэтага, адвакат прадэманстраваў на паседжаньні відэазапіс з камэры назіраньня іншага бара на Раманаўскай Слабадзе. На ім бачна, што там не было мітынгу.
14.02 Уладзь Грыдзін: «Я журналіст, у мяне няма маральнага права ўдзельнічаць у мітынгах. Я там быў у якасьці фотажурналіста. На вуліцы Раманаўская Слабада 13 верасьня ў 21.20 (час затрыманьня) ніякага мітынгу не было ўвогуле». Судзьдзя таксама зачытала паказаньні сьведкі Гараўца, які сьцьвярджае, што Грыдзін удзельнічаў у мітынгу актыўна.
13.50 Аднавіўся працэс па справе Ўладзя Грыдзіна. Ён скардзіцца на дрэнную сувязь, амаль ня чуе словаў судзьдзі. Паводле матэрыялаў справы, Грыдзін удзельнічаў у мітынгу 13 верасьня ўвечары на вуліцы Раманаўская Слабада. Выкрыкваў лёзунгі «Сыходзь» і «Жыве Беларусь». Грыдзін з пратаколам ня згодны. Кажа, што ў гэты час знаходзіўся ў кавярні, апрацоўваў здымкі. Кажа, што яго затрымалі ў памяшканьні кавярні. «Зайшлі супрацоўнікі АМАПу, заламалі нам рукі. Калі даведаліся, што мы журналісты, дазволілі забраць тэхніку і адвялі ў бус».
13.04 Адвакат Васюковіча просіць дапытаць сьведак Уладзя Грыдзіна, Ягора Калягіна і Жанну Насуту, а таксама паглядзець запісы з камэр. Судзьдзя адказу ня даў, пачаў зачытваць рапарт міліцыі пра тое, што падчас патруляваньня міліцыя выявіла Васюковіча на Раманаўскай Слабадзе і затрымала.
12.53 Суд па справе Грыдзіна аднавіўся. Сувязь адбываецца праз скайп, Уладзь Грыдзін папрасіў дазволіць яму пагаварыць з адвакатам сам-насам. Судзьдзя дазволіла гэта зрабіць, абвешчаны перапынак, перадае карэспандэнт Свабоды з суду.
12.51 Васюковіч: «АМАПаўцы зайшлі ў бар і заламалі нам рукі. Потым яны ўбачылі, што на стале тэхніка, і дазволілі яе скласьці. Потым зноў заламалі рукі. На мітынгу я быў абазначаны, меў пасьведчаньне журналіста газэты „Новы час“ вялікага памеру на шыі», паведамляе БАЖ з суду.
12.43 На працэсе Васюковіча зачытваюць пратакол, паведамляе БАЖ. Вінавацяць ва ўдзеле ў мітынгу на Раманаўскай Слабадзе. Выступае Васюковіч: «Я працаваў у якасьці журналіста, здымаў рэпартаж. Ішоў у бок Нямігі. Людзі разышліся, у 20:00 мы з калегамі зайшлі ў бар „1067“, каб скінуць здымкі ў рэдакцыю. Прыкладна ў 21:00 мы выйшлі пакурыць, вярнуліся, і адразу ж нас затрымаў АМАП».
12.40 У судзе Фрунзенскага раёну пачаўся працэс па справе Ўладзя Грыдзіна. Яго вінавацяць паводле артыкула 23.34 Адміністратыўнага кодэксу — ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту. Справу разглядае судзьдзя Ярохіна. Грыдзіна меліся дапытаць праз скайп, але зь незразумелай прычыны не змаглі. Судзьдзя абвясціла перапынак.
12.36 У ізалятары на Акрэсьціна, дзе ўтрымліваюць фотакарэспандэнтаў, тэхнічныя складанасьці, паведамляе БАЖ. Замест Васюковіча на экране зьявіўся супрацоўнік міліцыі, корпаецца ў кампутары. Усё гэта адбываецца ў нейкім калідоры.
12.17 Пачаўся суд па справе Аляксандра Васюковіча. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту. Паводле матэрыялаў справы, Васюковіч удзельнічаў у пратэстах каля 21 гадзіны ў раёне вуліцы Раманаўская Слабада.
* * *
Вядомых у Беларусі і ў сьвеце фотакарэспандэнтаў Уладзя Грыдзіна і Аляксандра Васюковіча затрымалі 14 верасьня а 21-й гадзіне ў менскім бары «1067» разам зь сябрам Ягорам Калягіным.
Васюковіч сядзеў у бары разам з Грыдзіным і Калягіным, расказала Свабодзе іх суседка па століку Жанна. Пасьля таго як мужчыны выйшлі пакурыць і вярнуліся ў бар, па іх зайшлі 6–7 чалавек у балаклавах. Мужчын затрымалі і забралі іхнае абсталяваньне. Імёны іншых затрыманых пакуль невядомыя. З запісаў камэраў назіраньня было відаць, што некаторыя сілавікі былі ў форме АМАПУ.
Журналістаў даставілі ў Фрунзенскае РУУС, адкуль іх пасьля перавезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна.
Грыдзін быў фотакарэспандэнтам Радыё Свабода, пакуль 29 жніўня ўлады не пазбавілі яго і яшчэ трох нашых журналістаў акрэдытацыі. Апошні час супрацоўнічаў з парталам Tut.by. Уладзь быў пераможцам і прызэрам конкурсу Belarus Press Photo, яго здымкі публікавалі сусьветныя агенцтвы і СМІ.
Паглядзець фота Ўладзя Грыдзіна>>>
У канцы ліпеня звыш 200 журналістаў зьвярталіся да ўладаў і сілавікоў у справе гвалту супраць журналістаў і перашкодаў у працы:
«У Крымінальным кодэксе Беларусі ёсьць артыкул 198: „Перашкода законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста... караецца штрафам, або пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады, або займацца пэўнай дзейнасьцю, або абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін“».