Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі аднавіліся пратэставыя акцыі «жоўтых камізэлек»


Маніфэстацыя "жоўтых камізэлек", Парыж, сьнежань 2019
Маніфэстацыя "жоўтых камізэлек", Парыж, сьнежань 2019

У Францыі аднавіліся акцыі пратэсту так званых «жоўтых камізэлек» — спантаннага антыўрадавага руху, які ўзьнік у канцы 2018 года. Удзельнікі маніфэстацый носяць жоўтыя сьвятлоадбівальныя камізэлькі.

Суботнія акцыі пратэсту ў Парыжы і іншых гарадах аднавіліся пасьля летніх адпачынкаў. 12 верасьня ў Парыжы былі зачыненыя дзясяткі станцыяў мэтро. Паліцыя затрымала дзясяткі пратэстоўцаў.

Пасьля папярэджаньня парыскай паліцыі аб забароне акцый у раёне Елісэйскіх палёў, Елісэйскага палаца, будынку Нацыянальнага сходу і рэзыдэнцыі кіраўніка ўраду, пратэстоўцы прызначылі збор удзельнікаў у некалькіх іншых месцах, у прыватнасьці, каля базылікі Сакрэ-Кёр. У другой палове дня ў суботу паступілі паведамленьні аб першых сутыкненьнях з паліцыяй і затрыманьні больш як 150 чалавек.

Першапачаткова прычынай маніфэстацый «жоўтых камізэлек» у канцы 2018 году стаў намер прэзыдэнта Эманюэля Макрона падвысіць падатак на аўтамабільнае паліва. Неўзабаве патрабаваньні маніфэстантаў пашырыліся да адстаўкі прэзыдэнта Макрона. Рух падтрымалі некалькі лідэраў асноўных палітычных партый і палітычных рухаў Францыі.

Рух працягваўся і пашыраўся ў 2019 годзе. Праводзіліся рэгулярныя суботнія маніфэстацыі з блякаваньнем вулічнага руху.

З 5 сьнежня 2019 году ў сувязі з пэнсійнай рэформай Парыж ахапілі масавыя страйкі, радыкальна настроеныя ўдзельнікі акцый учынялі пагромы.

11 студзеня 2020 году ўрад Францыі пастанавіў часова адмовіцца ад палажэньня праекту пэнсійнай рэформы, якое выклікае найбольшую крытыку — пункту, паводле якога поўная пэнсія будзе выплачвацца толькі пасьля дасягненьня 64 гадоў.

Аляксандар Лукашэнка неаднаразова, абараняючы дзеяньні сілаў правапарадку ў Беларусі падчас цяперашніх пратэстаў, спасылаўся на дзеяньні францускіх уладаў і паліцыі супраць маніфэстацыяў «жоўтых камізэлек».

У адказ на прапанову прэзыдэнта Макрона выступіць пасярэднікам у беларускім унутрыпалітычным дыялёгу Аляксандар Лукашэнка 21 жніўня выказаў гатоўнасьць стаць пасярэднікам паміж Макронам і рухам «жоўтых камізэлек».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG