Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінінфарм вынес чарговае папярэджаньне Tut.by — трэцяе з 7 жніўня. Праца парталу пад пагрозай


Архіўнае фота. Офіс Tut.by
Архіўнае фота. Офіс Tut.by

9 верасьня Міністэрства інфармацыі вынесла чарговае папярэджаньне парталу Tut.by — за артыкул «Да рэдактара Tut.by прыйшлі сілавікі. На яе дачку завялі крымінальную справу аб масавых беспарадках», паведамляе партал.

У лісьце Міністэрства інфармацыі гаворыцца, што на Валерыю Ўласік крымінальную справу не заводзілі, а ператрус правялі «ў мэтах праверкі атрыманай інфармацыі аб датычнасьці яе да арганізацыі масавых беспарадкаў, якія адбываюцца на тэрыторыі гораду Менску», у рамках сьледчых дзеяньняў па крымінальнай справе.

Аднак людзі, якія прад’явілі Галіне і Валерыі Ўласік пастанову на ператрус, заявілі, што Валерыю падазраюць у зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства па артыкуле 293 КК РБ «Масавыя беспарадкі», адзначае Tut.by. Тое ж самае пасьпела сказаць Валерыя журналістам, калі сядала ў машыну, на якой яе павезьлі ў РУУС.

На працягу дня 8 верасьня журналісты Tut.by неаднаразова спрабавалі ўдакладніць статус Валерыі Ўласік у Сьледчым камітэце, аднак там сытуацыю так і не растлумачылі. Затое ў Міністэрства інфармацыі, як вынікае з папярэджаньня парталу, зьвесткі накіравалі.

Папярэдняе папярэджаньне ТАА «Тут бай медыа» атрымала 7 верасьня, яшчэ адно — 7 жніўня. У адпаведнасьці з Законам аб СМІ, у выпадку вынясеньня ўладальніку сеткавага выданьня двух і больш пісьмовых папярэджаньняў на працягу году доступ да сеткавага выданьня можа быць абмежаваны. Рашэньне аб гэтым прымае Міністэрства інфармацыі Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG