Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрысты Максім Знак і Ільля Салей — падазраваныя ў крымінальнай справе аб «захопе ўлады»


Архіўнае фота. Прадстаўнікі Віктара Бабарыкі Максім Знак (зьлева), Марыя Калесьнікава, Ільля Салей
Архіўнае фота. Прадстаўнікі Віктара Бабарыкі Максім Знак (зьлева), Марыя Калесьнікава, Ільля Салей

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што ператрусы ў Ільлі Салея і Максіма Знака ішлі ў сувязі з крымінальнай справай паводле​ ч.3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Ільля Салей і Максім Знак цяпер знаходзяцца ў цэнтральным апараце Сьледчага камітэту.

Адвакат Максіма Знака Дзьмітры Лаеўскі пацьвердзіў БелаПАН, што Знак мае статус падазраванага ў рамках крымінальнай справы паводле ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі: публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту»).

У гэтай жа справе як падазраваная праходзіць сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава.

Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч ня змог пацьвердзіць Свабодзе гэтую інфармацыю і параіў сачыць за публікацыямі свайго ведамства ў інфармацыйных рэсурсах найбліжэйшым часам.

Зь сямёх сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады шэсьць альбо затрыманыя, альбо гвалтоўна вывезеныя за мяжу. На волі застаецца толькі нобэлеўская ляўрэатка пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, але і да яе сёньня прыйшлі апэратыўнікі ў цывільным, у двары два аўтобусы.

Каардынацыйная рада для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу ў краіне створаная з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай, якая цяпер у Літве. Першае пасяджэньне прайшло 19 жніўня. На наступны дзень Генэральная пракуратура паведаміла, што па факце стварэньня і дзейнасьці КР распачатая справа паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG