Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Максім Знак адрэагаваў у Facebook на вэрсію ўладаў пра тое, што Марыя Калесьнікава разам з прыхільнікамі спрабавала «ўцячы ва Ўкраіну, штурмам узяўшы мяжу».
«Чытаю і перачытваю і не магу паверыць, што ўсё настолькі цяп-ляп. Я ня веру ні на сэкунду ў праўдзівасьць агучаных афіцыйных вэрсій. Чакаю, калі вернецца сувязь, і яны самі ўсё раскажуць», — заявіў юрыст штабу прэтэндэнта на прэзыдэнты Віктара Бабарыкі.
«Маша гаварыла на мітынгах, што яна шчасьлівая, а беларусы неімаверныя! Дык вось я шчасьлівы, што Ваня Краўцоў і Антон Раднянкоў, мяркуючы па ўсім, у бясьпецы. Гэта значна лепш, чым зьнікненьне і невядомасьць. Я шчасьлівы, што Маша перайграла хітрыя пляны і выйшла пераможцай — ахвотна веру, што разарвала пашпарт або выскачыла з машыны. У любым выпадку ў іх нічога не атрымалася. Кажуць, што яна затрыманая. ОК, значыць адказнасьць за яе нясе дзяржава».
Паводле Максіма Знака, Марыя Калесьнікава вярнула сілавікоў у прававое поле, і цяпер трэба будзе абгрунтоўваць яе затрыманьне.
«Якое злачынства ці хаця б правапарушэньне робіць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які прайшоў мытны і пашпартны кантроль і якога „выкідаюць“ з машыны, калі кіроўца не падпарадкоўваецца патрабаваньням патруля? Што парушае гэты чалавек? Мяркуючы па ўсім, Машу павінны выпусціць неўзабаве, бо ўчора яе нібыта не затрымлівалі, а цяпер падставаў ніякіх няма. Брава, Маша, гэта найлепшы пэрформанс і проста геніяльнае вяртаньне ў юрыдычную плашчыню!»
Паводле непацьверджанай інфармацыі ад украінскіх памежнікаў, Марыя Калесьнікава парвала свой пашпарт, калі беларускія спэцслужбы спрабавалі гвалтам вывезьці яе з краіны.