Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель сутыкнулася з моцным палітычным ціскам за перагляд нямецка-расейскага праекту газаправоду «Паўночны паток-2». Прычынай стала атручэньне расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага.
Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.
Міністар абароны Нямеччыны Анэгрэт Крамп-Карэнбаўэр заявіла, што пытаньне аб газаправодзе павінна вырашацца ў залежнасьці ад гатоўнасьці Расеі супрацоўнічаць у высьвятленьні пытаньня, што менавіта адбылося з Навальным.
Міністар замежных спраў Гайка Маас заявіў, што Расея трапляе пад падазрэньне, калі яна не дапаможа вырашыць пытаньне.
Навальнага даставілі авіярэйсам у Нямеччыну на лячэньне. Улады Нямеччыны заяўляюць, што ён быў атручаны нэрвова-паралітычным сродкам «Навічок», аналягічным таму, які выкарыстоўваўся пры спробе забіць былога афіцэра расейскага ГРУ Сяргея Скрыпаля ў Вялікай Брытаніі два гады таму.
Масква заяўляе, што ня бачыла доказаў таго, што Навальны быў атручаны.
«Я заўсёды казала, што мне не падабаецца „Паўночны паток-2“, — сказала Крамп-Карэнбаўэр. — Для мяне заўсёды было ясна, што трэба ўлічваць інтарэсы бясьпекі ўсходнеэўрапейскіх дзяржаваў і Ўкраіны».
На пытаньне, ці гатовая Нямеччына санкцыянаваць гэты праект, Крамп-Карэнбаўэр сказала: «Гэта залежыць ад паводзінаў расейскага боку».
Міністар замежных спраў Маас, прадстаўнік сацыял-дэмакратычнай партыі, партнэра ў кааліцыйным урадзе Мэркель, заявіў, што няздольнасьць Масквы дапамагчы ў высьвятленьні абставінаў захворваньня Навальнага дадасьць падазрэньняў наконт датычнасьці да гэтага расейскіх уладаў.
«Я, безумоўна, спадзяюся, што расейцы не прымусяць нас зьмяніць пазыцыю па „Паўночным патоку-2“», — сказаў ён.
Мэркель, прыхільніца пабудовы трубаправоду, заявіла, што гэта не павінна быць зьвязана са справай Навальнага.