Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ў яго няма прычын сумнявацца ў высновах ураду Нямеччыны, які вызначыў, што Аляксей Навальны быў атручаны ядам, падобным да баявога атрутнага рэчыва расейскай вытворчасьці «Навічок».
Пра гэта ён сказаў на прэсавай канфэрэнцыі ў Вашынгтоне.
Па словах Трампа, Вашынгтон пакуль не атрымаў ад Бэрліну дакумэнтаў аб атручэньні Навальнага. Яны паступяць у бліжэйшыя некалькі дзён і будуць уважліва вывучаныя. Прэзыдэнт заявіў, што Злучаныя Штаты «вельмі ўважліва» паставяцца да магчымага атручваньня расейскага апазыцыйнага палітыка.
У пятніцу ў дзярждэпартамэнт ЗША выклікалі амбасадара Расеі ў Вашынгтоне Анатоля Антонава. Намесьнік дзяржсакратара Стывэн Бігэн заявіў пра сур’ёзную заклапочанасьць Вашынгтону сытуацыяй вакол Навальнага. Як гаворыцца ў заяве дзярждэпартамэнту, Бігэн падкрэсьліў, што выкарыстаньне расейскімі ўладамі хімічнай зброі — якой лічыцца «Навічок» — было б відавочным парушэньнем Масквой міжнародных абавязаньняў. Намесьнік дзяржсакратара заклікаў Расею аказаць спрыяньне расьсьледаваньню замаху на Навальнага.
Напярэдадні са зваротам да Расеі выступілі краіны NATO. Яны заклікалі Маскву раскрыць праграму працы над «Навічком» Арганізацыі за забарону хімічнай зброі. Расея — удзельніца Канвэнцыі аб забароне хімічнай зброі. Паводле гэтай дамовы ўсе запасы баявых атрутных рэчываў даўно павінны былі быць зьнішчаныя, а іх вытворчасьць строга забароненая.