Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне затрымалі кіраўніка схемы продажу спайсаў у Беларусі праз інтэрнэт


СІЗА ў Адэсе
СІЗА ў Адэсе

У Адэсе затрымалі грамадзяніна Беларусі Юрыя Зайцава, якога беларускія праваахоўныя органы шукалі з 2014 году для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за стварэньне злачыннай арганізацыі, кантрабанду і незаконнае абарачэньне наркотыкаў і псыхатропаў.

Паводле матэрыялаў справы, Юры Зайцаў быў ідэолягам стварэньня і кіраўніком інтэрнэт-рэсурсаў, празь якія распаўсюджваліся наркотыкі і псыхатропы цягам 2013–2014 гадоў. Іншыя 16 удзельнікаў гэтай схемы продажу спайсаў асуджаныя ў Беларусі ў 2016 годзе на тэрмін ад 9 да 19 гадоў пазбаўленьня волі.

Як паведаміў Свабодзе Мікалай Дзеравянка, адвакат Юрыя Зайцава, цяпер беларуса зьмясьцілі ў Адэскі сьледчы ізалятар на 40 дзён:

«Гэта часовы арышт. Цягам месяца беларускі бок мусіць накіраваць афіцыйны запыт на экстрадыцыю, а пасьля гэтага Генэральная пракуратура мусіць правесьці праверку на наяўнасьць падстаў для выдачы майго падабароннага ў Беларусь, а суд ухваліць рашэньне аб экстрадыцыйным арышце».

У той жа час, спасылаючыся на канфідэнцыйнасьць і адвакацкую тайну, Мікалай Дзеравянка адмовіўся ўдакладніць падрабязнасьці затрыманьня Юрыя Зайцава, а таксама падставы і час ягонага знаходжаньня ва Ўкраіне.

Як стала вядома Свабодзе, на судзе, дзе вызначалася мера папярэдняга ўтрыманьня, Юры Зайцаў настойваў, што ён ня тая асоба, якую шукаюць праваахоўныя органы Беларусі. Але суд устанавіў ягоную асобу на падставе беларускага пашпарта і даведкі экспэрта Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў Беларусі. Ён быў затрыманы 17 жніўня, але не па адрасе ягонага жыхарства ў Адэсе.

Ад спрошчанай працэдуры экстрадыцыі, прадугледжанай падпісаным летась двухбаковым пагадненьнем аб рэадмісіі, Юры Зайцаў адмовіўся.

Паводле інфармацыі сьледчых органаў Беларусі, у часе расьследаваньня гэтай справы папярэдзілі распаўсюджваньне праз інтэрнэт-крамы больш як 36 кіляграмаў псыхаактыўных рэчываў, 200 тысяч «марак», частка зь якіх ужо была апрацавана адмысловымі рэагентамі і падрыхтаваная для продажу кліентам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG