Свабода даведалася, ці зьбіраюцца ўнівэрсытэты страйкаваць з 1 верасьня і якія патрабаваньні выстаўляюць уладам.
Студэнты як мінімум 7 унівэрсытэтаў зьбіраюць подпісы пад агульнымі патрабаваньнямі: спыніць гвалт у адносінах да мірных пратэстоўцаў, вызваліць палітзьняволеных, прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.
«Новыя выбары і дыялёг»
«Мы, студэнты і выпускнікі БДУІР, сочым за палітычнымі падзеямі ў Беларусі і ня хочам заставацца ўбаку. Выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь былі праведзеныя з мноствам парушэньняў і спробаў фальсыфікацый, мы не прызнаем іх вынікі», — гаворыцца ў пэтыцыі студэнтаў БДУІР.
Сярод іншага, студэнты БДУІР заклікаюць улады наладзіць дыялёг са Сьвятланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі яе штабу, каб выйсьці з палітычнага крызісу.
«Кіраўніцтва краіны вельмі неахвотна выходзіць на дыялёг, спрабуючы падавіць пратэсты гвалтоўнымі мэтадамі і маргіналізаваць пратэстоўцаў у дзяржаўных СМІ. Мы занепакоеныя тымі сродкамі, якія абрала кіраўніцтва краіны для ўрэгуляваньня канфлікту», — адзначаецца ў пэтыцыі.
У БДУІР пэтыцыю падпісалі ўжо 2213 студэнтаў, магістрантаў і выпускнікоў. Цяпер у гэтай ВНУ арганізаваны страйкавы камітэт, які заклікае студэнтаў масава выходзіць з праўладнай арганізацыі БРСМ.
«Чакаем сустрэчы з рэктарам»
Студэнты БНТУ таксама рыхтуюць пэтыцыю з аналягічнымі патрабаваньнямі, а таксама распаўсюджваюць заявы на выхад з БРСМ. Як паведаміла Свабодзе, адна са студэнтак, «цяпер ня ўсе яшчэ засяліліся ў інтэрнаты, таму пад пэтыцыяй каля паўсотні подпісаў».
«Мы хочам дамагчыся сустрэчы з рэктарам, бо яму выгадней сустрэцца з намі да таго, як мы прынясем пэтыцыю. Мы хочам дамагчыся спыненьня ціску на студэнтаў і выкладчыкаў, а таксама абяцаньняў, што нікога ня будуць адлічваць за грамадзянскую пазыцыю. Нас ва ўнівэрсытэце вучаць праўдзе і справядлівасьці, дык дзе цяпер гэтая праўда і справядлівасьць?» — кажа студэнтка.
Сваю пэтыцыю падрыхтавалі студэнты і выкладчыкі БДУ. У ёй наступныя патрабаваньні:
- Адстаўка Лукашэнкі
- Спыненьне гвалту і прыцягненьне да адказнасьці вінаватых
- Адстаўка Цэнтральнай выбарчай камісіі
- Правядзеньне паўторных справядлівых і празрыстых выбараў
Пэтыцыі з аналягічнымі патрабаваньнямі зьявіліся таксама ў БДПУ, МДЛУ, БДЭУ, Унівэрсытэце культуры.
«Падтрымаць патрабаваньні працоўных»
Пад пэтыцыяй МДЛУ ўжо 2440 подпісаў. Студэнты, выпускнікі і выкладчыкі патрабуюць:
- Спыніць гвалтоўныя дзеяньні сілавікоў
- Паведаміць праваахоўнікам пра выпадкі фальсыфікацый
- Не замоўчваць інфармацыю пра акцыі салідарнасьці і забастоўкі
- Падтрымаць патрабаваньні працоўных калектываў
Студэнты розных ВНУ пакуль абмяркоўваюць варыянты і фармат далейшых дзеяньняў.